§ 5-4. Сістэма ваенна-палітычных блокаў і саюзаў у другой палове XIX — пачатку XX ст.

2. На шляху да Траістага саюза

Магутнасць Германіі пасля яе перамог у аўстра-прускай вайне 1866 г. і франка-прускай вайне 1870—1871 гг. значна ўзрасла. Яна стала прэтэндаваць на палітычнае і эканамічнае панаванне ў Еўропе і на роўныя правы ў каланіяльных уладаннях Англіі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў і Партугаліі. Кіруючыя колы Германіі сцвярджалі, што яны зыходзяць з вышэйшых меркаванняў: «Разарваць пагібельнае кола “акружэння Германіі”… а галоўнае выканаць свой абавязак “нібелунгавай вернасці” ў адносінах да саюзніцы — Аўстра-Венгрыі, якой “славянская небяспека” пагражала ў першую чаргу».

Аўстра-Венгрыя супрацьдзейнічала Расіі, якая ўзяла на сябе ролю абаронцы ўсіх славян на Балканах, і Сербіі, што прэтэндавала на ролю аб’яднальнага цэнтра паўднёвых славян. З прычыны міжнацыянальных супярэчнасцей Аўстра-Венгрыя (яшчэ ў апошняй трэці XIX ст. там пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба балканскіх народаў) была пастаянным ачагом нестабільнасці ў Еўропе.

У выніку знешнепалітычныя інтарэсы Германіі і Аўстра-Венгрыі зблізіліся. У 1879 г. яны заключылі паміж сабой ваенна-палітычны саюз. У 1882 г. да гэтага саюза далучылася Італія, утварыўся Траісты саюз, накіраваны супраць Францыі і Расіі.