§ 5-3. ЗША ў ХІХ — пачатку ХХ ст.

3. Паскарэнне эканамічнага росту

Паскарэнню эканамічнага росту ЗША садзейнічалі перамога капіталістычнай Поўначы над рабаўладальніцкім Поўднем у Грамадзянскай вайне і стварэнне пасля гэтага адзінага капіталістычнага рынку. Адбываліся індустрыялізацыя пераважна аграрнай Амерыкі і ўсплёск іміграцыі ў ЗША.

Спрыяльнымі фактарамі для развіцця былі аддаленасць краіны ад яе галоўных канкурэнтаў і суседства са слабаразвітымі дзяржавамі Лацінскай Амерыкі. Важную ролю адыграла іміграцыя. У 1865—1918 гг. у краіну толькі з Еўропы прыбылі 27,5 млн чалавек. Яны забяспечылі рабочымі рукамі бурнае развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

У канцы XIX — пачатку XX ст. ЗША сталі вядучай індустрыяльнай дзяржавай капіталістычнага свету: павялічылася вытворчасць чыгуну, здабыча вугалю, выплаўка сталі, амаль патроілася колькасць прамысловых рабочых. Пачаўся масавы выпуск стандартызаванай прадукцыі. Упершыню на паточную вытворчасць перайшла аўтамабілебудаўнічая кампання Г. Форда.

ЗША праводзілі пратэкцыянісцкую палітыку. Калі ў 1861 г. пошліна на імпартныя тавары складала 5—10 %, то ў 1897 г. — да 57 %. У пачатку XX ст. узраслі замежныя інвестыцыі ў ЗША, пераважна англійскія.

У 1860—1900 гг. вялізнага размаху дасягнула ўрбанізацыя: 20 млн чалавек перасяліліся з сельскай мясцовасці ў гарады. Насельніцтва гарадоў у гэты перыяд у сярэднім падвойвалася кожныя 20 гадоў. Нягледзячы на гэта, яно перавысіла сельскае толькі ў 1920 г. У Англіі гэта адбылося ў 1871 г., а ў Германіі — у 1895 г.

Аднак хуткасць эканамічнага росту па краіне была нераўнамернай. Поўнач і Захад хутка багацелі, а Поўдзень заставаўся слабаразвітым. Пасля Грамадзянскай вайны была зроблена спроба так званай рэканструкцыі Поўдня, у ходзе якой адмянялася рабаўладальніцкая сістэма. Гэта быў складаны і супярэчлівы працэс. Рабства было забаронена, але прынятыя дыскрымінацыйныя законы ператваралі чарнаскурых амерыканцаў у грамадзян другога гатунку.

На працягу XIX — пачатку XX ст. знешняя палітыка ЗША вызначалася «дактрынай Манро», агучанай прэзідэнтам Д. Манро ў пасланні Кангрэсу 2 снежня 1823 г. Яна ўтрымлівала ў сабе два асноўныя палажэнні: неўмяшанне амерыканскіх дзяржаў ва ўнутраныя справы Еўропы і, наадварот, неўмяшанне еўрапейскіх дзяржаў ва ўнутраныя справы Амерыкі. «Дактрына Манро» мела на мэце замацаванне лідарства ЗША на абодвух амерыканскіх кантынентах.