§ 32. Заключэнне. Свет у пачатку ХХІ ст.
5. Праблемы вайны і міру
*Праблемы вайны і міру. У сувязі з дэфіцытам энергарэсурсаў, экалагічным крызісам і перавытворчасю тавараў і паслуг мадэль глабалізацыі «ўстойлівага развіцця», заснаваная на нафтадоларавай сістэме, дасягнула мяжы.
Міжнародная сістэма аднапалярнага свету на чале з ЗША разбураецца літаральна на вачах. Аднак Злучаныя Штаты імкнуцца захаваць сваё лідарства ў свеце і закрыць асноўным суб’ектам геапалітычнага проціборства, перш за ўсё КНР, доступ да самай таннай блізкаўсходняй нафты. Кантроль над гэтай нафтай — аснова магутнасці ЗША. Для дасягнення гэтай мэты выкарыстоўваюцца розныя сродкі. Важнейшы з іх — хаатызацыі Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі шляхам лакальных войнаў і каляровых рэвалюцый. Дэстабілізацыя блізкаўсходняга рэгіёна і мэтанакіраваная міграцыя з краін Азіі і Афрыкі, якая выклікала міграцыйный крызіс у Еўрасаюзе, закліканы перашкодзіць доступу Кітая ў ЕС. Палітыка міжнародных санкцый з боку Захаду ажыццяўляецца ў адносінах да Расіі.
Ва ўмовах глабальных змен, звязаных з пераходам ад капіталістычнай сістэмы сусветнага ўладкавання да новай, востра паўстае праблема глабальнай вайны. Да гэтага часу перадзел свету ажыццяўляўся шляхам рэгіянальных і дзвюх сусветных войнаў. Таму, як і напярэдадні Другой сусветнай вайны, сёння вельмі востра стаіць пытанне аб падтрыманні міжнароднай бяспекі. Важную ролю ў гэтым кірунку могуць адыграць Кітай і Расія.
Кітай зацікаўлены ў распаўсюджванні свайго ўплыву ў рэгіёне «еўразійскага энергетычнага эліпса» ад чарнаморскіх праліваў да Цэнтральнай Азіі. Пагроза стабільнасці Цэнтральнай Азіі з боку радыкальнага ісламу садзейнічае стратэгічнаму ўзаемадзеянню Расіі і Кітая па спалучэнні Эканамічнага пояса Шаўковага шляху (ЭПШШ) і Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).
У 2001 г. была створана Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС). Галоўнымі задачамі арганізацыі з’яўляюцца ўмацаванне стабільнасці і бяспекі, барацьба з тэрарызмам, сепаратызмам, экстрэмізмам, а таксама энергетычнае партнёрства. Кітай не мае дастатковых прыродных рэсурсаў для падтрымання існуючых аб’ёмаў вытворчасці. Рэсурсную базу Кітая якраз і павінен забяспечыць Эканамічны пояс Шаўковага шляху, паколькі ён ідзе праз багаты на рэсурсы Цэнтральнаазіяцкі рэгіён.
Такім чынам, ва ўмовах крызісу сусветнай фінансавай і энергетычнай сістэм заходні, атлантысцкі праект глабалізацыі можа змяніцца еўразійскім кантынентальным праектам «Адзін пояс — адзін шлях» на чале з Кітаем.