§ 32. Заключэнне. Свет у пачатку ХХІ ст.

4.Экалагічныя праблемы

Пытанні забруджвання навакольнага асяроддзя і абмежаванасці энергарэсурсаў набылі актуальнасць сярод сусветнай грамадскасці яшчэ ў пачатку 1970-х гг. Менавіта гэтым праблемам быў прысвечаны першы даклад Рымскага клуба «Межы росту» (1972).

У пошуках выйсця з існуючага глабальнага крызісу ў канцы 1980-х гг. развітыя краіны абвясцілі палітыку «ўстойлівага развіцця». У адпаведнасці з гэтай палітыкай мяркуецца пераход на «зялёную» энергетыку, якая не забруджвае прыроднае асяроддзе, гэта значыць на энергію, атрыманую ад сонечных батарэй, ветрагенератараў і біяпаліва. У 1972 г. была прынята Стакгольмская дэкларацыя ААН, якая ўстанавіла агульныя прынцыпы захавання навакольнага асяроддзя. Яна прыцягнула пільную ўвагу краін свету да неабходнасці вырашэння экалагічных праблем.

Экалагічныя праблемы непасрэдна звязаны з праблемамі энергаспажывання. Энергетычная праблема — гэта глабальная праблема забеспячэння чалавецтва энергіяй і палівам. Узнікла яна ў выніку росту спажывання мінеральных рэсурсаў у ХХ ст., а таксама дэмаграфічнага выбуху ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Да пачатку 2021 г. колькасць насельніцтва ў свеце склала каля 8 млрд чалавек, што амаль у чатыры разы больш, чым у 1930-я гг.

Сучасная энергетыка базіруецца пераважна на вуглевадародных энергетычных рэсурсах — гэта каменны вугаль, нафта і прыродны газ. Сёння ў свеце існуе востры дэфіцыт вуглевадародных энергетычных рэсурсаў у сувязі з іх нераўнамерным размеркаваннем.

Для абмежавання доступу краін свету да гэтых рэсурсаў пад прыкрыццём вырашэння экалагічных праблем краіны Захаду ўсталёўваюць своеасаблівыя квоты па іх выкарыстанні. Так, у 2016 г. было падпісана Парыжскае кліматычнае пагадненне, якое рэгулюе меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы, скарачэнні выкідаў парніковых газаў з 2020 г. У рамках яго выканання, напрыклад, у Еўрапейскім саюзе плануецца да 2050 г. зрабіць энергетыку на 70 % нізкавугляроднай, цалкам адмовіцца ад выкарыстання каменнага вугалю. Аднак, мяркуюць спецыялісты, гэта прывядзе да скарачэння вытворчых магутнасцей і эканамічных праблем. Да гэтага часу «зялёная», або чыстая, энергетыка з’яўляецца датацыйнай і займае мізэрную долю ў сусветным энергаспажыванні.

Што датычыцца атамнай энергетыкі, то яе доля ў сусветным энергаспажыванні таксама сёння крайне малая, каля 3 %. Аднак для некаторых краін атамная энергетыка мае прынцыповае значэнне. Напрыклад, для ЗША, Расіі або Францыі, у якой больш за 70 % электрагенерацыі складае атамная энергія.

Аварыя на атамнай электрастанцыі «Фукусіма» ў Японіі ў 2011 г. прымусіла Германію прыняць план па закрыцці да 2022 г. усіх нямецкіх АЭС. Францыя не гатовая ўзяць прыклад з Германіі і адмовіцца ад атамнай энергетыкі. Адмова ад атамнай энергетыкі, пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі прывядзе да значнага скарачэння энергаспажывання, прычыніць шкоду еўрапейскай эканоміцы і падарве план па вырашэнні праблемы змены клімату, паколькі прымусіць вярнуцца да выкарыстання вугалю.

Сёння пад эгідай барацьбы за захаванне навакольнага асяроддзя, скарачэнне выкідаў парніковых газаў, барацьбы з кліматычнымі зменамі ўвага грамадства адцягваецца ад рэальна вострай праблемы энергетычнага забеспячэння.