§ 32. Заключэнне. Свет у пачатку ХХІ ст.

2. Постіндустрыяльнае грамадства

У выніку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі да канца XX ст. сфарміравалася грамадства новага тыпу. Яго называюць па-рознаму: постіндустрыяльнае, тэхнагеннае, інфармацыйнае, сучасны капіталізм. У постіндустрыяльным грамадстве навука стала непасрэднай прадукцыйнай сілай. На пярэдні план выйшлі інфармацыйныя тэхналогіі і новыя сродкі сувязі (факс, мабільны тэлефон, электронная пошта). Наладжаны масавы выпуск стандартнай бытавой тэхнікі. Карэнным чынам змяніўся транспарт. Менш чым за суткі чалавек можа патрапіць у любы куток планеты. У прамысловасць укараняюцца ядзерныя тэхналогіі. Дадзеныя касмічных спадарожнікаў выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці. Магчымасці постіндустрыяльнага грамадства здаваліся неабмежаванымі.
Аднак паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу суправаджалася негатыўнымі працэсамі, нарастаннем эканамічных цяжкасцей і сацыяльных супярэчнасцей. Рост народанасельніцтва ў другой палове XX ст. адбываўся такімі хуткімі тэмпамі, што ўжо цяпер адчуваецца абмежаванасць шэрагу рэсурсаў. Каля мільярда чалавек у свеце пастаянна галадаюць. Утварыліся два полюсы дзяржаў: развітыя, якія ўяўляюць сабой свайго роду «аазісы дабрабыту», і больш адсталыя краіны, якія развіваюцца (многія дзяржавы Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі). На долю так званага залатога мільярда (найбольш багатая частка насельніцтва планеты) прыпадае 83 % сусветнага даходу, а на долю астатніх жыхароў Зямлі — толькі 17 %.

Заснавальнік Рымскага клуба — найбуйнейшага аналітычнага цэнтра заходняга свету — А. Печэі так вызначыў супярэчнасці сучаснага постіндустрыяльнага грамадства: «Бескантрольнае рассяленне чалавецтва па планеце, няроўнасць і неаднароднасць грамадства, сацыяльная несправядлівасць, голад і недаяданне, шырокае распаўсюджванне беднасці, беспрацоўе, манія росту, інфляцыя, энергетычны крызіс, ужо існуючы або патэнцыйны недахоп прыродных рэсурсаў, распад міжнароднага гандлю і фінансавай сістэмы, пратэкцыянізм, непісьменнасць і састарэлая сістэма адукацыі, бунты моладзі. Адчужэнне, заняпад гарадоў, злачыннасць і наркаманія, выбух гвалту і ўзмацненне жорсткасці паліцэйскай улады, катаванні і тэрор, грэбаванне законам і парадкам, ядзернае вар’яцтва, палітычная карупцыя, бюракратызм, дэградацыя навакольнага асяроддзя, заняпад маральных каштоўнасцей, страта веры, адчуванне нестабільнасці».