§ 32. Заключэнне. Свет у пачатку ХХІ ст.
3. Эвалюцыя двухполюснай структуры свету
У XX ст. свет тройчы дзяліўся на два лагеры, якія супрацьстаялі адзін аднаму. Вынікам гэтага падзелу сталі дзве сусветныя вайны, якія забралі дзясяткі мільёнаў чалавечых жыццяў. Пасля Другой сусветнай вайны склалася двухполюсная сістэма свету. Адзін полюс складала кааліцыя дзяржаў на чале з ЗША, другі — СССР і яго саюзнікі. Нягледзячы на «халодную вайну», пра двухполюсны свет можна гаварыць як пра адносна ўстойлівую сістэму. Важнымі фактарамі яго стабільнасці былі стварэнне міжнародных арганізацый і ўстанаўленне міжнародных правіл. Вялікае значэнне мела ўтварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая адыграла важную ролю ў забеспячэнні міру. Аднак пасля распаду Савецкага Саюза і заканчэння «халоднай вайны» абстаноўка на міжнароднай арэне змянілася. Як лічаць многія навукоўцы, двухполюсны свет стаў аднаполюсным на чале з ЗША. Адначасова адбылося далейшае паглыбленне эканамічнай палярызацыі «Поўнач — Поўдзень» (гэта значыць развітых краін і краін астатняга свету), якое тоіць у сабе пагрозу новых узброеных канфліктаў і глабальных сутыкненняў.
У гэтых умовах асаблівае значэнне набывае прынцып шматвектарнасці ў сусветным развіцці. Пад шматвектарнасцю варта разумець развіццё дружалюбных і прадказальных узаемаадносін з усімі дзяржавамі, якія адыгрываюць важную ролю ў сусветных справах.