§ 30. Мадэрнізацыйныя працэсы ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі
4. Мадэрнізацыя краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі
Мадэрнізацыя краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі дае асабліва яркае ўяўленне аб складанасці, супярэчнасці і неадназначнасці гэтага працэсу.
Асаблівае месца ў сусветна-гістарычным працэсе другой паловы ХХ — пачатку XXI ст. займаюць краіны Лацінскай Амерыкі. Вырашальны ўклад СССР у перамогу сіл антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусветнай вайне прывёў да значнага росту папулярнасці камуністычнай ідэалогіі ў лацінаамерыканскіх краінах. У выніку аж да канца 1980-х гг. у дзяржавах рэгіёна рэвалюцыйны камуністычны праект развіцця захоўваў сваю актуальнасць нароўні з кансерватыўнымі і рэфармісцкімі праектамі.
У некаторых краінах рэгіёна атрымалі перамогу рэвалюцыйныя сілы (Куба, Нікарагуа), у іншых да ўлады прыйшлі кансерватыўныя або правааўтарытарныя рэжымы (Чылі, Аргенціна, Бразілія). У шэрагу краін рэвалюцыйны рух у той ці іншай ступені працягваецца і дагэтуль (Мексіка, Перу).
На працягу 1980—1990-х гг. большасць краін Лацінскай Амерыкі перайшлі ад аўтарытарных рэжымаў да дэмакратыі. Гэты працэс суправаджаўся сістэмнымі сацыяльна-эканамічнымі рэформамі паводле неаліберальнай мадэлі. Рэформы прывялі ў асноўным да росту макраэканамічных паказчыкаў, але ў той жа час завяршыліся ўзмацненнем сацыяльных супярэчнасцей. Найбольш паказальным негатыўным прыкладам з’яўляецца развіццё эканомікі Аргенціны. У 2001 г. аргенцінскі «эканамічны цуд» скончыўся дэфолтам.
Наяўнасць сур’ёзных сацыяльных праблем (расслаенне насельніцтва на багатых і бедных, арганізаваная злачыннасць, тэрарызм і г. д.), палітычная нестабільнасць, эканамічнае адставанне ад глабальнай Поўначы не дазваляюць будаваць пазітыўныя прагнозы адносна будучыні кантынента. Некаторыя краіны, напрыклад Гаіці, застаюцца атрымальнікамі міжнароднай дапамогі. У той жа час такія дзяржавы рэгіёна, як Бразілія, Мексіка, Аргенціна, Чылі, з’яўляюцца буйнымі эканомікамі, якія маюць значныя перспектывы ў глабальным маштабе. Іх справядліва адносяць да новых індустрыяльных краін.
Дзяржавы Афрыкі дэманструюць найменш удалы варыянт развіцця, асабліва краіны трапічнай Афрыкі. Гэты рэгіён налічвае 48 дзяржаў, якія ў сваёй большасці апынуліся фактычна няздольнымі да мадэрнізацыі сваёй эканомікі і традыцыйнага ўкладу жыцця.
Умовы для мадэрнізацыі ў краінах трапічнай Афрыкі былі вельмі неспрыяльнымі. У рэгіёне абмежаваная колькасць прыродных рэсурсаў, амаль усе найбуйнейшыя радовішчы (золата, алмазы, плаціна і інш.) размешчаны на тэрыторыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Прадукцыйныя сілы ў многіх краінах знаходзіліся на ўзроўні дакапіталістычных адносін, захоўвалася родаплемянная структура грамадства. Працоўныя рэсурсы былі даволі значныя, але ўяўлялі сабой у асноўным занадта маладых людзей, якія не мелі нават элементарнай кваліфікацыі. Унутрыпалітычная абстаноўка адрознівалася крайняй нестабільнасцю, этнічнымі і рэлігійнымі канфліктамі. Нярэдка ўспыхвалі грамадзянскія войны.
Пры гэтым выкарыстоўваліся супярэчнасці паміж дзвюма супердзяржавамі — ЗША і СССР, якія вялі вострую барацьбу на сусветнай арэне за сферы ўплыву. Шэраг краін трапічнай Афрыкі, атрымаўшы дапамогу ад Савецкага Саюза, сталі на шлях сацыялістычнага развіцця (Гана, Гвінея, Малі, Самалі, Танзанія, Ангола, Мазамбік, Бенін, Конга, Эфіопія). Аднак ні капіталістычны, ні сацыялістычны варыянт мадэрнізацыі ў канчатковым выніку не прывёў да чаканых рэзультатаў. У 1990-я гг. рост даходаў на душу насельніцтва назіраўся толькі ў васьмі дзяржавах Афрыкі на поўдзень ад Сахары.
На гэты час у краінах трапічнай Афрыкі склалася яшчэ больш нездавальняючая сітуацыя. Большасць дзяржаў рэгіёна належаць да найменш развітых і самых бедных краін свету па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Па-ранейшаму ў іх захоўваюцца племянная структура і племянныя перажыткі. У Трапічнай Афрыцы жывуць звыш 3000 розных плямёнаў, кожнае з іх гаворыць на сваёй мове. Жыхары рэгіёна да гэтага часу адчуваюць сваю прыналежнасць у першую чаргу да таго ці іншага племені, а не да дзяржавы. Народнасць банту, напрыклад, пражывае на тэрыторыі сямі дзяржаў. Племянная свядомасць — адвечная крыніца сепаратызму і рэлігійных канфліктаў, якія з’яўляюцца сур’ёзнай перашкодай на шляху паступальнага развіцця.