§ 30. Мадэрнізацыйныя працэсы ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі

3. Новыя індустрыяльныя краіны (НІК)

Групу дзяржаў, якія сталі на шлях развіцця і за кароткі тэрмін здзейснілі якасны пераход ад адсталай эканомікі да высокаразвітой, дасягнулі высокіх сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, называюць новымі індустрыяльнымі краінамі (НІК).

Да НІК «першай хвалі» ў Азіі адносяцца Рэспубліка Карэя (Паўднёвая Карэя), Тайвань, Ганконг і Сінгапур. Гэтыя чатыры дзяржавы яшчэ называюць «азіяцкімі тыграмі» або «драконамі».

Паўднёвая Карэя і Тайвань утвараюць групу краін Усходняй Азіі, якія першапачаткова пайшлі па капіталістычным шляху развіцця. Па мерках развітога свету гэта былі вельмі бедныя дзяржавы на момант абвяшчэння незалежнасці. У іх практычна не было прыродных рэсурсаў, асноўнае насельніцтва складалі сяляне. Нядрэнна ішлі справы толькі з пачатковай адукацыяй, аднак спецыялістаў з высокай кваліфікацыяй катастрафічна не хапала.

У гэтых умовах улады зрабілі стаўку на адзіны наяўны рэсурс — танную і якасную працоўную сілу. Сыравіну і тэхналогіі ўвозілі з-за мяжы. Гатовая прадукцыя ішла на экспарт. Арыентаваная на экспарт прадукцыя стала асновай эканамічнага рыўка на Тайвані і ў Паўднёвай Карэі. Спачатку стаўка была зроблена на лёгкую прамысловасць, дзе можна было выкарыстоўваць некваліфікаваную працоўную сілу. Значную ролю адыграла амерыканская падтрымка. Ва ўмовах «халоднай вайны» для ЗША была вельмі важная стабільнасць усходнеазіяцкага рэгіёна. З часам, па меры назапашвання капіталу і вопыту, у Паўднёвай Карэі з’явілася наймагутнейшае аўтамабіле- і суднабудаванне.

У гэтай краіне ўлады ўзялі за ўзор японскую мадэль з моцным дзяржаўным умяшаннем і стварэннем буйных канцэрнаў. Дзяржава, можна сказаць, прызначала людзей алігархамі, укладала значныя інвестыцыі ў нібыта прыватныя нацыянальныя праекты. На Тайвані існавала вялікая свабода рынку, было менш кантролю і абмежаванняў з боку дзяржавы.

У 1970-я гг. пачаўся эканамічны ўздым у шэрагу нафтаздабыўных арабскіх дзяржаў Персідскага заліва. У аснове іх «скачка» быў перш за ўсё прыбытак ад эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Некаторыя краіны ісламскага свету абралі уласны, «трэці» шлях развіцця (напрыклад, Іран і Лівія).