§ 30. Мадэрнізацыйныя працэсы ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі

2. Японія, Кітай, Індыя

Гэтыя тры найбуйнейшыя эканомікі свету ўвасабляюць сабой розныя мадэлі, або варыянты мадэрнізацыі. Мадэрнізацыйныя працэсы ў гэтых краінах пачаліся яшчэ ў XIX ст.

Японія ўяўляе сабой адзін з найбольш паспяховых прыкладаў мадэрнізацыі. Свой шлях развіцця яна выбрала пасля Рэвалюцыі Мэйдзі і паслядоўна ішла па ім. Мадэрнізацыя адбывалася на базе запазычанняў з Захаду, але пры захаванні нацыянальных традыцый і культуры.

Мадэрнізацыйным працэсам у Японіі спрыяла некалькі фактараў, і перш за ўсё вызначальная роля дзяржавы. Насельніцтва давярала ёй нават ва ўмовах акупацыі краіны амерыканскімі войскамі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Адзначым выключную здольнасць японцаў да засваення розных элементаў іншых цывілізацый і ператварэння іх у свае нацыянальныя каштоўнасці. Важнае значэнне мела захаванне традыцый ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства. Усё гэта спрыяла таму, што нават самыя радыкальныя пераўтварэнні адбываліся без сацыяльных выбухаў і ўзрушэнняў, шляхам рэформ, а не рэвалюцый. Ад даганяючай мадэрнізацыі Японія перайшла ў другой палове ХХ ст. да нармальнага паступальнага развіцця. На ўсіх этапах мадэрнізацыі вырашальную ролю адыгрывалі пераўтварэнні ў эканоміцы, якія стваралі матэрыяльную базу для ператварэння краіны ў сучасную дэмакратычную дзяржаву.

Кітай уваходзіць у адмысловую групу ўсходнеазіяцкіх краін. Да яе адносяцца таксама Карэя і В’етнам. Усе тры краіны прайшлі праз рэвалюцыі, грамадзянскія войны і палітычны раскол, які адбыўся з-за галоўнага пытання: па якім шляху праводзіць мадэрнізацыю — сацыялістычным або капіталістычным.

Кітайская Народная Рэспубліка разам з Паўночнай Карэяй і Паўночным В’етнамам пайшлі па савецкім шляху развіцця. Кітайскае кіраўніцтва ўзяло курс на хуткую індустрыялізацыю і суцэльную калектывізацыю. Фарсіраваная мадэрнізацыя праводзілася ў краіне, якая была пераважна сялянскай. Калектывізацыя насіла татальны характар. У ходзе стварэння народных камун агульнымі рабіліся палі і прысядзібныя ўчасткі. З сялянскіх хат канфіскоўваўся нават посуд. Сяляне харчаваліся ў грамадскіх сталовых. Строгая рэгламентацыя дзяржавы прывяла да абвастрэння супярэчнасцей унутры кітайскага кіраўніцтва, а затым і да трагічных падзей «культурнай рэвалюцыі». Камуністычны праект па-кітайску апынуўся тупіковым варыянтам.

У канцы 1970-х гг., пасля смерці Маа Цзэдуна і адхілення ад улады яго бліжэйшага акружэння, сітуацыя ў Кітаі змянілася. Стала ясна, што сталінска-мааісцкая мадэль развіцця не працуе. Новае кітайскае кіраўніцтва на чале з Дэн Сяапінам з пачатку 1980-х гг. стала на шлях рыначных рэформаў, свядома капіруючы вопыт Тайваня і Паўднёвай Карэі. Народныя камуны былі распушчаны, сялянскія сем’і атрымалі магчымасць наладзіць уласную сельскагаспадарчую вытворчасць. Пасля аграрнай рэформы пачалася прыватызацыя ўсіх сектараў кітайскай эканомікі. Было дазволена стварэнне прыватных прадпрыемстваў, паступова адбываўся пераход да свабоднага рыначнага цэнаўтварэння. Станоўчыя вынікі рэформаў не замарудзілі з’явіцца. Эканоміка Кітая стала адной з найбуйнейшых і вядучых у свеце.

Чаму ж Кітай так рэзка вырваўся наперад? Няпроста адказаць на пытанне, якое вымагае шырокага тлумачэння. Адзначым перш за ўсё выключнае працалюбства кітайскага народа. Праўда, гэта пастаянная, традыцыйная рыса, якая характарызуе кітайцаў на працягу многіх стагоддзяў. Паступальнаму руху, несумненна, садзейнічалі канфуцыянскія ідэі, на якія абапіраліся рэфарматары. Але, бадай, галоўную ролю ў здзейсненым рыўку адыграла Камуністычная партыя. Яна стала галоўнай накіроўваючай і арганізуючай сілай кітайскага грамадства. Лідары КПК вывучылі ўрокі з раней дапушчаных пралікаў і памылак і своечасова змаглі пераарыентавацца. Пасля «культурнай рэвалюцыі» яны ўзялі курс на супрацоўніцтва з краінамі Захаду, і перш за ўсё з ЗША. Заходняя дапамога ў супрацьвагу СССР стала сур’ёзным фактарам кітайскага эканамічнага рыўка. Сёння Кітай і ЗША, нягледзячы на існуючыя супярэчнасці, з’яўляюцца адзін для аднаго другімі па аб’ёме гандлёвымі партнёрамі.

Такім чынам, важнейшай асаблівасцю кітайскай мадэлі мадэрнізацыі з’яўляецца тое, што рыначную, фактычна капіталістычную эканоміку будуюць пад кіраўніцтвам кіруючай Ккамуністычнай партыі. Пры гэтым у краіне захоўваецца дастаткова высокі ўзровень маёмаснай няроўнасці.

Індыя гістарычна ўяўляе сабой каланіяльны тып мадэрнізацыі. Працэс еўрапеізацыі, а затым і мадэрнізацыі краіны пачаўся адразу пасля яе заваявання англічанамі.

У перыяд брытанскага праўлення ў Індыю прыйшоў сучасны прагрэс — новыя ідэі, тэхналогіі, еўрапейская адукацыя. Упершыню прыватная ўласнасць на зямлю была ўведзена ў бенгальскай правінцыі. Многія новыя заміндары (землеўладальнікі) сталі банкірамі і лідарамі індуісцкага адраджэння. Важным фактарам змен было шырокае распаўсюджанне англійскай мовы, якое адчыніла дзверы для заходняй адукацыі, навукі і літаратуры. У XIX ст. прамысловая рэвалюцыя пачалася і ў Індыі. З’явіліся пошта і тэлеграф, тэкстыльная прамысловасць і чыгункі.

Пасля атрымання незалежнасці Індыя прайшла вялікі шлях ад калісьці найбуйнейшай калоніі да адной з вядучых развітых краін свету. У пачатку 1990-х гг. яна ўступіла ў эпоху глыбокіх рэформаў, прыватызацыі, вызвалення прамысловасці ад кантролю з боку дзяржавы. Пры гэтым індыйскае кіраўніцтва не адмаўлялася ад мінулага. Пераўтварэнні развівалі тое лепшае, што было дасягнута раней. Рэгулюючая роля дзяржавы захоўвалася і ў эканамічным, і ў сацыяльным жыцці. У XXI ст. Індыя ператварылася ў аграрна-індустрыяльную краіну з развітой прамысловасцю. Прыярытэтнымі галінамі прамысловай вытворчасці сталі аўтамабілебудаванне, станкабудаванне, чорная металургія і нафтахімія, электроніка і інфармацыйныя тэхналогіі.

Індыйская мадэль развіцця мае шмат праблем і супярэчнасцей. Разам з самым сучасным сектарам эканомікі існуе традыцыйны сектар — дзясяткі мільёнаў дробных і найдрабнейшых прадпрыемстваў і майстэрняў. Як і для большасці краін, якія развіваюцца, для Індыі характэрныя беднасць і перанасяленне. Амаль дзве траціны індусаў пражываюць у сельскай мясцовасці. Эканамічны рост у краіне па-ранейшаму не паспявае за ростам насельніцтва. Узровень і якасць жыцця павышаюцца павольна. Каля чвэрці галадаючых у свеце прыпадае на Індыю. Значная частка насельніцтва, асабліва сельскага, непісьменная. Нягледзячы на намаганні ўрада, нашчадкі касты «недатыкальных» сутыкаюцца з абмежаваным доступам да паслуг адукацыі. Існуе разрыў у пісьменнасці і ўзроўні адукацыі паміж жанчынамі і мужчынамі. Вышэйшая адукацыя з’яўляецца элітарнай і недаступная для большай часткі насельніцтва.

Такім чынам, галоўнай асаблівасцю сучаснага развіцця Індыі з’яўляецца арганічнае суіснаванне індустрыяльнага і традыцыйнага сектараў эканомікі. Для краіны характэрная нацыянальная, рэлігійная і моўная разнастайнасць. Большая частка беднага і вельмі беднага насельніцтва належыць да ніжэйшых кастаў.