§ 28. Расійская Федэрацыя

4. Расія ў пачатку XXI ст.

У канцы 1999 г. у палітычным жыцці Расіі адбылася важная падзея: 31 снежня прэзідэнт Ельцын добраахвотна сышоў са сваёй пасады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй РФ выкананне прэзідэнцкіх абавязкаў было ўскладзена на старшыню расійскага ўрада Пуціна. На прэзідэнцкіх выбарах 26 сакавіка 2000 г. кіраўніком дзяржавы РФ быў абраны У. У. Пуцін, які атрымаў каля 52 % галасоў і апярэдзіў лідара камуністаў Г. А. Зюганава больш чым на 20 %. Пуцін захоўвае сваю пасаду аж да цяперашняга часу, з невялікім перапынкам. З 2008 па 2012 г. пост прэзідэнта Расіі займаў Д. А. Мядзведзеў.

Асноўнымі прыярытэтамі ўнутранай і знешняй палітыкі Пуціна сталі наступныя кірункі: умацаванне ролі дзяржавы, стабілізацыя сітуацыі ў эканоміцы і эканамічны рост, барацьба з тэрарызмам, інтэграцыя з Рэспублікай Беларусь, урэгуляванне адносін з еўрапейскімі краінамі — Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй і ЗША.

Новая адміністрацыя павяла рашучую барацьбу супраць розных праяў сепаратызму як галоўнай пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі. У многіх суб’ектах Расійскай Федэрацыі былі адменены заканадаўчыя акты, якія супярэчылі Канстытуцыі. Пуцін заняў прынцыповую пазіцыю ў адносінах да чачэнскіх тэрарыстаў. Яшчэ ў верасні 1999 г. яго ўрад пачаў контртэрарыстычную аперацыю, якая праз тры гады прывяла да нармалізацыі становішча ў Чачэнскай Рэспубліцы і замацавання яе ў складзе Расійскай Федэрацыі. Вялікая ўвага стала надавацца ўмацаванню ВПК і сілавых структур.

Адносна ўстойліваму эканамічнаму росту Расіі ў пачатку XXI ст. спрыялі не толькі выгадная для расійскіх тавараў і сыравіны кан’юнктура, але і структурныя змены ў эканоміцы: рэфармаванне падатковай і бюджэтнай сфер, ажыццяўленне зямельнай рэформы. Замест прагрэсіўнага метаду падаткаабкладання для фізічных асоб была ўстаноўлена адзіная 13-працэнтная стаўка падаходнага падатку. Уводзілася прыватная ўласнасць на зямлю. Праводзяцца ў жыццё законы, накіраваныя на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу. У апошнія гады прыкметна ўзмацніўся сацыяльны складнік дзяржаўнай бюджэтнай палітыкі расійскага ўрада.

Нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, эканоміка Расіі ўсё яшчэ адчувае вялікія цяжкасці. Эканамічнае развіццё па-ранейшаму носіць экстэнсіўны характар, захоўваецца залежнасць краіны ад экспарту нафты, газу, іншых прыродных рэсурсаў. Сур’ёзнымі праблемамі з’яўляюцца манапалізацыя шэрагу сыравінных галін і энергетычнай сістэмы, старэнне асноўных вытворчых фондаў, недастатковае ўкараненне новых тэхналогій, распаўсюджванне карупцыі ў дзяржаўным апараце і арганізаванай злачыннасці ў эканамічнай сферы, павольны рост узроўню жыцця насельніцтва.