§ 28. Расійская Федэрацыя

3. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Расіі ў 1994—1999 гг.

На хвалі сацыяльнага пратэсту ўрад Я. Ц. Гайдара, які складаўся з радыкальна настроеных рэфарматараў, у снежні 1992 г. быў адпраўлены ў адстаўку. Новым старшынёй урада РФ стаў В. С. Чарнамырдзін, былы міністр нафтагазавай прамысловасці СССР. Урад Чарнамырдзіна працягнуў радыкальныя рэформы, але больш адказна і прафесійна.

Радыкальная эканамічная рэформа ў цэлым завяршылася да сярэдзіны 1994 г. Яе вынікам стала разбурэнне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай і стварэнне асноў рыначнай капіталістычнай эканомікі. Ураду Чарнамырдзіна ўдалося паступова знізіць тэмпы інфляцыі, забяспечыць рост заработнай платы, умацаваць рубель як плацежны сродак, папоўніць золатавалютныя рэзервы краіны.

Аднак многія праблемы так і не былі вырашаны. Эканамічная палітыка адміністрацыі прэзідэнта Ельцына на працягу 1990-х гг. была арыентавана на экспартныя галіны вытворчасці (нафта, газ і іншыя віды сыравіны). Вобласці Расійскай Федэрацыі, не звязаныя з вытворчасцю сыравіны, апынуліся ў крызісным стане. Узровень вытворчасці ў іх працягваў імкліва падаць. Перыядычна не выплачвалася зарплата работнікам цэлых галін народнай гаспадаркі, што прыводзіла да масавых антыўрадавых выступленняў. Расла колькасць ашуканскіх «фінансавых пірамід», выцягвання грошай у насельніцтва. Расія трапляла ва ўсё большую залежнасць ад замежных крэдытораў.

Істотна ўплываў на ўнутрыпалітычную сітуацыю чачэнскі канфлікт, які меў шматвяковыя карані. Абвяшчэнне Чачнёй поўнай незалежнасці ад Расіі прывяло да ваенных дзеянняў у снежні 1994 г., якія працягваліся да восені 1996 г. Але і пасля падпісання пагаднення аб міры гэтая рэспубліка фактычна развівалася як незалежная краіна, што пагражала цэласнасці Расійскай дзяржавы.

У сакавіку 1998 г. урад Чарнамырдзіна быў адпраўлены ў адстаўку. Пасля гэтага ў Расіі пачалася «ўрадавая чахарда», падчас якой за два гады змяніліся чатыры саставы ўрада. Да жніўня 1999 г. прэзідэнт Ельцын канчаткова вызначыўся з кандыдатурай свайго пераемніка на пасадзе прэзідэнта. Ім стаў кіраўнік Федэральнай службы бяспекі і сакратар Савета бяспекі У. У. Пуцін, які 16 жніўня 1999 г. быў вылучаны на пасаду старшыні ўрада РФ і зацверджаны Дзяржаўнай Думай.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у 1994—1999 гг. у Расіі адбылася стабілізацыя эканамічнага становішча і намеціўся эканамічны ўздым, якому спрыяў рост сусветных цэн на нафту ў тры разы.