§ 26. Краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы
5. Аб’яднанне Германіі
Перабудова ў СССР, аслабленне Савецкай дзяржавы і яе наступны распад, уздым дэмакратычнага руху ў краінах Усходняй Еўропы прывялі да з’яўлення на палітычнай карце свету новых дзяржаў. У першую чаргу гэта адносіцца да аб’яднання Германіі, утварэння Чэхіі і Славакіі.
У выніку «аксамітных рэвалюцый» 1989 г. усходнееўрапейскія дзяржавы перайшлі пад пераважны палітычны кантроль Заходняй Еўропы і ЗША. У ГДР была разбурана Берлінская сцяна, і адбылося аб’яднанне Германіі. Гэтыя падзеі прывялі да карэнных змен геапалітычнай сітуацыі ў Еўропе, з’явілася рэальная магчымасць распаўсюджвання ўплыву Еўрапейскай супольнасці на ўсход.
Як і якім чынам адбылося аб’яднанне Германіі? У ФРГ яно афіцыйна называецца ўз’яднаннем або аднаўленнем нямецкага адзінства. Прававой асновай аб’яднання дзвюх нямецкіх дзяржаў стаў Дагавор аб канчатковым урэгуляванні ў адносінах да Германіі, заключаны ў Маскве 12 верасня 1990 г. паміж ГДР і ФРГ, а таксама Францыяй, СССР, Вялікабрытаніяй і ЗША. Былыя саюзнікі па Другой сусветнай вайне адмаўляліся ад усіх сваіх правоў у адносінах да Германіі. Такім чынам, вострыя праблемы, якія існавалі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, былі вырашаны ў кароткія тэрміны, нягледзячы на зацікаўленасць Вялікабрытаніі і Францыі ў замаруджванні аб’яднальнага працэсу. Адбылося гэта шмат у чым дзякуючы падатлівай палітыцы тагачаснага кіраўніцтва СССР на чале з М. С. Гарбачовым.
Дагавор 1990 г. не быў паўнацэнным мірным дагаворам дзяржаў — пераможцаў у Другой сусветнай вайне з Германіяй. Падпісанне паўнацэннага мірнага дагавора адкладалася на няпэўны тэрмін. Асобныя артыкулы Дагавора ўтрымлівалі абмежаванні суверэнітэту Германіі, уведзеныя яшчэ ў 1950-я гг. У прыватнасці, захоўвалася забарона на патрабаванне вываду замежных войскаў да падпісання мірнага дагавора, на развіццё некаторых відаў узбраенняў, а таксама забарона на прыняцце знешнепалітычных рашэнняў без кансультацыі з дзяржавамі-пераможцамі.
Уз’яднанне дзвюх дзяржаў прайшло ў форме ўваходжання ГДР і Заходняга Берліна ў склад ФРГ у адпаведнасці з канстытуцыяй заходнегерманскай дзяржавы. Гэта адбылося 3 кастрычніка 1990 г. З таго дня ГДР як дзяржава перастала існаваць. Дзяржаўныя органы ўлады былі скасаваны, армія распушчана, флот ліквідаваны. Фактычна ГДР была далучана да ФРГ.