§ 26. Краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы

3. Крызісы і ўзрушэнні

Нягледзячы на адносны эканамічны прагрэс, многія людзі ў краінах Усходняй Еўропы былі незадаволеныя палітыкай камуністычнай улады. Масавыя выступленні рабочых адбыліся ў ГДР (1953), Чэхаславакіі (1953). Да забастовак і ўзброеных выступленняў, жорстка разагнаных уладамі, справа дайшла ў Польшчы (1956).

Кіраўніцтва Венгрыі паспрабавала часткова пераадолець крайнасці гвалтоўнай калектывізацыі і ліквідаваць асноўныя прычыны ўнутрыпалітычнай нестабільнасці. Рэфарматарскі рух у 1953—1956 гг. узначальваў прэм’ер-міністр І. Надзь, які выступаў з рэзкай крытыкай сацыяльна-эканамічнага і ўнутрыпалітычнага курсу партыі. У ліпені 1956 г. ён быў абвінавачаны ў «рэвізіянізме» і «нацыяналізме» і зняты з пасады прэм’ер-міністра, але пад ціскам удзельнікаў акцый пратэсту адноўлены на гэтай пасадзе ў кастрычніку 1956 г. Ураду І. Надзя не ўдалося забяспечыць мірнае развіццё падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай будапешцкая восень. Краіна апынулася на мяжы грамадзянскай вайны: пачаліся ўзброеныя сутыкненні паміж рабочымі і сіламі правапарадку, пачасціліся выпадкі расправы над камуністамі. Надзь заявіў аб намеры ўрада выйсці з АВД і ператварыць Венгрыю ў нейтральную дзяржаву. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне аб неадкладных дзеяннях. Для «аднаўлення парадку» ў Будапешт былі ўведзеныя савецкія танкавыя часці. Венгерскія «змагары за свабоду» звярнуліся па дапамогу да Захаду. Аднак ніхто не адгукнуўся. Афіцыйная пазіцыя лідараў заходніх краін у гэтай сітуацыі сведчыла аб тым, што яны лічылі Усходнюю Еўропу выключна сферай савецкага ўплыву.

У 1968 г. да ліберальных рэформаў у Чэхаславакіі прыступіў А. Дубчак. Спрабуючы аслабіць партыйна-дзяржаўны кантроль над усімі сферамі жыцця, ён заклікаў да «сацыялізму з чалавечым тварам». Яго дзеянні былі расцэненыя савекім кіраўніцтвам як адмова ад пабудовы сацыялізму. Гэтая спроба таксама была спынена ўзброенымі сіламі краін АВД на чале з СССР. А. Дубчак быў зняты з пасады, а новае кіраўніцтва кампартыі Чэхаславакіі жорстка спыніла дзейнасць ідэалагічнай апазіцыі. Неўзабаве пасля падзей у Чэхаславакіі кіраўніцтва СССР стала абгрунтоўваць сваё права ажыццяўляць умяшанне ў справы любой дзяржавы сацыялістычнага лагера абаронай заваёў сацыялізму (дактрына Брэжнева).

З усіх краін сацыялістычнага лагера Югаславія і Албанія былі практычна адзінымі, на якія не распаўсюджваўся савецкі ўплыў. І. Броз Ціта ўсталяваў у Югаславіі камуністычнае праўленне, але праводзіў незалежны ад Масквы курс. Ён адмовіўся далучыцца да АВД і заявіў аб нейтралітэце ў «халоднай вайне». У краіне склалася так званая югаслаўская мадэль сацыялізму, якая ўключала самакіраванне на вытворчасці і элементы рыначнай эканомікі. У Югаславіі было больш ідэалагічнай свабоды, чым у іншых краінах сацыялістычнага лагера. Пры гэтым захоўвалася безумоўная манаполія на ўладу адной партыі — Саюза камуністаў Югаславіі.

У 1948—1949 гг. савецка-паўднёваславянскія адносіны дасягнулі крайняй ступені абвастрэння. Кіраўніцтва Югаславіі абвінавачвалася ў «здрадзе камуністычнаму руху», «трацкісцкім перараджэнні» і «буржуазным нацыяналізме». Па некаторых звестках, нават рыхтаваўся замах на Ціта. Толькі пасля смерці І. В. Сталіна пачалася паступовая нармалізацыя савецка-паўднёваславянскіх адносін.

Канфлікт паміж СССР і Югаславіяй меў шэраг адмоўных вынікаў для апошняй. У прыватнасці, СССР перастаў падтрымліваць тэрытарыяльныя прэтэнзіі Югаславіі да Аўстрыі, у выніку мяжа паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі засталася нязменнай. Югаславія таксама не змагла атрымаць жаданыя рэпарацыі ад Аўстрыі. Канчаткова праваліўся план Балканскай федэрацыі, і ўвогуле Савецкі Саюз згубіў інтарэс да ідэі агульнаславянскага адзінства.

Адносіны паміж СССР і Албаніяй пагоршыліся пасля смерці І. В. Сталіна. Албанскае кіраўніцтва не прызнала рашэнні ХХ з’езда КПСС аб асуджэнні культу асобы памерлага правадыра. У 1961 г. паміж дзвюма краінамі адбыўся поўны разрыў адносін.

Ледзьве не самым праблемным саюзнікам СССР з’яўлялася Польшча. Падобна венграм і чэхам, палякі таксама імкнуліся да большай самастойнасці. Пасля хваляванняў і забастовак 1956 г. польскі ўрад правёў некаторыя рэформы, але незадаволенасць умяшаннем СССР ва ўнутраныя справы дзяржавы і невысокі ўзровень жыцця па-ранейшаму захоўваліся. Важную ролю ў дзейнасці польскай апазіцыі адыгрывала Рымска-каталіцкая царква.

У 1980 г. па ўсёй Польшчы пракацілася новая хваля рабочых выступленняў. Цэнтрам забастовачнага руху стаў Гданьск. Тут пры актыўным удзеле каталіцкіх дзеячаў і прадстаўнікоў апазіцыйных груповак была створана міжгаліновая прафсаюзная арганізацыя «Салідарнасць». Новы прафсаюз ператварыўся ва ўплывовую палітычную сілу. «Салідарнасць» разгарнула шырокую антыкамуністычную агітацыю і выступіла з патрабаваннем палітычных перамен і сацыяльнай справядлівасці. Улады адрэагавалі ўвядзеннем ваеннага становішча, забаронай «Салідарнасці» і арыштам яе лідараў. Польскае кіраўніцтва на чале з В. Ярузельскім часова стабілізавала сітуацыю.