§ 24. Навукова-тэхнічны прагрэс і фарміраванне постіндустрыяльнага грамадства
4. Наступствы НТР
Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, як і любая іншая грамадская з’ява, мае свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Да ліку яе пазітыўных вынікаў адносяцца ў першую чаргу ўзрастанне ролі навуковых ведаў і развіццё адукацыі. Акрамя таго, НТР значна палегчыла працу чалавека, прывяла да патаннення прадукцыі і павышэння яе якасці. Яна спрыяла стварэнню больш камфортнага побыту чалавека, з’яўленню новых форм зносін і правядзення вольнага часу. Дзякуючы НТР людзі набылі вялікую мабільнасць і свабоду (звышхуткасны транспарт, мабільная сувязь, інтэрнэт, ноўтбукі і г. д.).
Вынікі НТР аказалі ўплыў на сацыяльную структуру і паўсядзённае жыццё чалавека. Узрасла роля мікраэлектронікі, якая дазволіла стварыць прынцыпова новыя сродкі для апрацоўкі інфармацыі. За 10—15 гадоў аб’ём інфармацыі павялічыўся ўдвая. У сувязі з гэтым змяняецца адукацыя, яе ўзроўні, сродкі і мэты.
Да негатыўных наступстваў НТР варта аднесці экалагічныя праблемы, шкодны ўплыў рознага роду сінтэтычных і хімічных матэрыялаў, якія акружаюць чалавека ў грамадскіх месцах і дома. Замена працоўных рук аўтаматычнай тэхнікай, ускладненне вытворчасці і незапатрабаванасць рабочых нізкай кваліфікацыі прывялі да росту беспрацоўя. Больш частымі сталі тэхнагенныя катастрофы (аварыі на Чарнобыльскай АЭС, атамнай электрастанцыі Фукусіма-1 і інш.). Чалавек становіцца ўсё больш залежны ад тэхнікі.
Тэхнагенныя катастрофы могуць прывесці да непапраўных наступстваў і гібелі чалавецтва. Таму ўзрасла адказнасць навукоўцаў за распрацоўку небяспечных для людзей тэхналогій. Пры разумным падыходзе дасягненні НТР могуць быць выкарыстаны для пераадолення крызісных з’яў у грамадстве. Неабходна спыніць распрацоўку ўзбраення і скіраваць намаганні на рашэнне такіх праблем, як экалагічны крызіс, голад і непісьменнасць.
Такім чынам, выкарыстанне найноўшых тэхналогій спрыяла паляпшэнню якасці жыцця людзей, якiя ўскладаюць вялікія надзеі на вырашэнне эканамічных, медыцынскіх і экалагічных праблем з дапамогай навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак нават развітыя краіны свету апынуліся не ў стане справіцца з глабальнымі праблемамі чалавецтва.