§ 23. Свет пасля Другой сусветнай вайны
4. Распад еўрапейскай сістэмы сацыялізму
Пад уплывам прамовы Чэрчыля ў Фултане цэлая плеяда ўсходнееўрапейскіх пісьменнікаў і мастакоў увасобіла яе ідэі ў сваёй творчасці. Румынскі пісьменнік і гісторык рэлігій, прафесар Чыкагскага ўніверсітэта М. Эліядэ пісаў у 1952 г. аб усходнееўрапейскай культуры як аб процізаконна адабранай у Заходняй Еўропы («ампутаванай частцы яе цела»). Так узнік вобраз, які ў 1980-я гг. праз публікацыі чэшскіх, венгерскіх і паўднёваславянскіх пісьменнікаў (М. Кундэра, Д. Конрад, Д. Кіш і інш.) стаў ідэйным сцягам Захаду ў барацьбе за ўплыў у рэгіёне.
Паступова рыхтаваліся і выспявалі ідэалагічныя і палітычныя механізмы распаду сацыялістычнага лагера. Дамінуючай ідэяй знешняй палітыкі адразу пасля змены рэжымаў стала «вяртанне ў Еўропу», якое разумелася і як адраджэнне еўрапейскіх цывілізацыйных каштоўнасцей, і як інтэграцыя ў палітычныя структуры Заходняй Еўропы. Уступленне ў ЕЭС бачылася сродкам вырашэння эканамічных і палітычных праблем, які ў кароткі тэрмін дазволіць наблізіцца да заходніх стандартаў жыцця.
У «халоднай вайне» СССР пацярпеў паражэнне і неўзабаве распаўся. Восьмага снежня 1991 г. былі падпісаны Белавежскія пагадненні, 21 снежня 1991 г. — Алма-Ацінская дэкларацыя, якія заснавалі канфедэратыўны саюз былых савецкіх рэспублік — Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), 26 снежня 1991 г. была прынята Дэкларацыя Савета Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР аб спыненні існавання Савецкага Саюза.