§ 23. Свет пасля Другой сусветнай вайны
2. Стварэнне міждзяржаўных ваенна-палітычных і эканамічных арганізацый і блокаў
Перамога ў вайне прывяла таксама да рэзкага ўзмацнння міжнароднага ўплыву СССР і фарміравання савецкай палітычнай сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе і краінах Азіі.
У 1949 г. Злучаныя Штаты з мэтай абароны Еўропы ад савецкага ўплыву стварылі Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора, або Паўночнаатлантычны альянс (НАТА). Акрамя ЗША і Канады гэты ваенна-палітычны блок аб’яднаў 10 еўрапейскіх дзяржаў, пазней да яго далучылася Турцыя. Для стрымлівання камунізму былі створаны яшчэ чатыры антысавецкія блокі ў Азіі, у тым ліку СЕАТА (Арганізацыя дагавора Паўднёва-Усходняй Азіі) і СЕНТА (Арганізацыя цэнтральнага дагавора, альбо Багдадскі пакт).
Ва ўмовах варожага акружэння Савецкі Саюз умацоўваў і кансалідаваў уласныя сілы на міжнароднай арэне. У тым жа 1949 г. быў утвораны Савет эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ) — міжурадавая эканамічная арганізацыя, створаная па рашэнні нарады прадстаўнікоў Албаніі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі.
У адказ на далучэнне ФРГ да НАТА ў 1955 г. быў падпісаны Варшаўскі дагавор — Дагавор аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Гэты дакумент аформіў стварэнне ваеннага саюза еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў пры вядучай ролі СССР, замацаваў афармленне біпалярнага свету. На аснове дагавора была створана Арганізацыя Варшаўскага дагавора (АВД).
У выніку Заходняя Еўропа трапіла ў эканамічную і ваенную залежнасць ад ЗША, а Усходняя — ад СССР. У сітуацыі «халоднай вайны» ва Усходняй Еўропе базіраваліся савецкія войскі. Краіны ўсходнееўрапейскага рэгіёну сталі развівацца ў адпаведнасці з савецкай эканамічнай мадэллю, СССР падтрымліваў у рэгіёне высокі ўзровень эканамічнага развіцця, і кожная з краін АВД захоўвала ўласную культуру і нацыянальную самабытнасць. Знешнепалітычная стратэгія калектыўнага Захаду на чале з ЗША заключалася ў выцісканні з гэтага рэгіёна Савецкага Саюза як пераемніка гістарычнай Расіі.