§ 20. Свет на шляху да новай сусветнай вайны
2. Крах Версальскай сістэмы
Кволы мір, усталяваны Версальска-Вашынгтонскай сістэмай, пачаў разбурацца пад уздзеяннем рэзкага абвастрэння міжнародных супярэчнасцей у час сусветнага эканамічнага крызісу 1929—1933 гг. Веймарскі ўрад настойліва патрабаваў поўнай адмены рэпарацыйных плацяжоў, аргументуючы такую неабходнасць магчымым крахам нацыянальнай эканомікі і немінучай рэвалюцыяй пазней. Вялікія дзяржавы пагадзіліся з гэтымі аргументамі, аб’явіўшы мараторый на германскія рэпарацыйныя плацяжы.
У 1932 г. на канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе Германія дабілася прызнання прынцыпу «роўнасці ва ўзбраеннях», што адкрыла для яе магчымасць перагляду ваенных абмежаванняў Версаля. У 1935 г. пачалася мадэрнізацыя германскіх узброеных сіл, для павелічэння арміі да 500 тыс. чалавек у краіне была ўведзена ўсеагульная воінская павіннасць. 21 мая 1935 г. быў прыняты сакрэтны закон «Аб абароне імперыі», згодна з якім усе эканамічныя сілы Германіі павінны былі служыць ваенным мэтам.
Пачаўшы ствараць рэгулярныя ўзброеныя сілы, Гітлер стаў правяраць рэакцыю на гэта астатніх дзяржаў пры дапамозе серыі нечаканых акцый, якія суправаджаліся абавязковымі запэўніваннямі аб мірных намерах. У кастрычніку 1933 г. Германія выйшла з Лігі Нацый. Францыя і Вялікабрытанія асудзілі гэтую акцыю, але так і не вырашылі, якія меры супрацьдзеяння прыняць — блакаду альбо ўварванне. Пазней Гітлер абвясціў, што Германія ўводзіць усеагульную воінскую павіннасць, аднаўляе сваю армію і стварае ваенна-паветраныя сілы ў парушэнне Версальскага дагавора. Замест пратэсту Вялікабрытанія падпісала ваенна-марское пагадненне з Германіяй, таму што яна, як і Францыя, баялася магчымай вайны ў выпадку рознагалоссяў з Германіяй. ЗША, у той час занятыя ўнутранымі эканамічнымі праблемамі, вярнуліся да ізаляцыянізму і перасталі ўмешвацца ў справы Еўропы, у пасляваенным пераўладкаванні якой прынялі актыўны ўдзел адразу пасля завяршэння Першай сусветнай вайны.
Пасля таго як у Германіі зацвердзіўся агрэсіўны нацыянал-сацыялістычны рэжым, яго канчатковай мэтай было абвешчана заваяванне «жыццёвай прасторы» для нямецкай нацыі.