§ 4-2. Узнікненне новых нацыянальных дзяржаў у Еўропе

3. Змяненне палітычнай сітуацыі ў Еўропе

Апошняя французская рэвалюцыя стала вынікам паражэння Другой імперыі ў вайне з Германіяй. Галоўным вынікам вайны стала канчатковае крушэнне манархічнага ладу ў Францыі. Важнейшыя вехі на шляху станаўлення Трэцяй рэспублікі — гэта Вераснёўская рэвалюцыя 1870 г. і Парыжская камуна 1871 г.

Рэвалюцыя 4 верасня 1870 г. была стыхійнай. Яна адбылася хутчэй у адказ на капітуляцыю французскай арміі ў Седане. Другая імперыя пала без усялякага супраціўлення. Германскія войскі прыступілі да чатырохмесячнай аблогі Парыжа, які аказаўся ў складаным становішчы, паколькі ў той час стаяла суровая зіма. Абстаноўка ў гораде абвастралася. Рэспубліканскі ўрад баяўся сацыяльнага выбуху і ўсталявання дыктатуры кшталту якабінскай, таму вырашыў капітуляваць і прыняць умовы міру, прадыктаваныя Прусіяй.

Пасля падпісання перамір’я і зняцця аблогі заможныя парыжане выехалі з горада, засталіся толькі беднякі. 18 сакавіка 1871 г. пасля сутыкнення з урадавымі войскамі і правядзення камунальных выбараў была абвешчана Парыжская камуна — урад рабочых і дробных служачых. Ранейшы ўрад выехаў у Версаль, там жа з вызваленых з германскага палону вайскоўцаў была сфарміравана армія, якая ненавідзела парыжан, што ўзнялі мяцеж у час вайны.

Рэвалюцыйны ўрад камунараў паспеў ажыццявіць шэраг папулярных мерапрыемстваў. Важнейшыя з іх — замена пастаяннай арміі ўзброеным народам, увядзенне выбарнасці і змяняльнасці дзяржаўных чыноўнікаў, арганізацыя ўсеагульнай бясплатнай адукацыі, аддзяленне царквы ад дзяржавы, перадача прадпрыемстваў аб’яднанням рабочых, вызваленне парыжан ад запазычанасцей па аплаце кватэр.

У пачатку красавіка пачаліся ваенныя дзеянні паміж войскімі Версальскага ўрада і камунарамі. Міжусобная вайна была жорсткай з абодвух бакоў. Камуна аб’явіла: «Калі версальцы вядуць вайну як дзікуны, то возьмецца вока за вока і зуб за зуб». У парыжан практычна не было ніякіх шанцаў на поспех з прычыны адсутнасці дакладных планаў баявых дзеянняў, слабасці і непадрыхтаванасці ваеннага кіраўніцтва, неарганізаванасці ўрада, які ўяўляў сабой кааліцыю неаякабінцаў, сацыялістаў і анархістаў. У ходзе баёў камунары падпальвалі дамы на шляху версальскіх войскаў, версальцы расстрэльвалі камунараў. Усяго было забіта 30 тыс. чалавек. 28 мая 1871 г. Парыжская камуна пала.

Разгром Парыжскай камуны завяршыў рэвалюцыйную эру ў гісторыі Заходняй Еўропы. Асноўным сродкам грамадска-палітычных пераўтварэнняў сталі рэформы.

Войны 1850—1870-х гг. змянілі расстаноўку сіл у Еўропе. Пасля франка-прускай вайны аслабела Францыя. У выніку Крымскай вайны страціла свае пазіцыі Расія. Надзвычайнай магутнасці дасягнула Германская імперыя. Узнікла пагроза еўрапейскай раўнавазе. Саюз Аўстра-Венгрыі, Расіі і Германіі 1873 г. аказаўся нетрывалым. Пасля Берлінскага кангрэса 1878 г., які ўшчаміў інтарэсы Расіі, Германія і Аўстра-Венгрыя заключылі тайны абарончы дагавор. У 1882 г. да іх далучылася Італія, незадаволеная захопам Францыяй Туніса. Узнік Траісты саюз. У 1888 г. пасля адмовы Германіі Францыя прадаставіла Расіі крэдіт. У 1892 г. Францыя і Расія заключылі ваенную канвенцыю. Тым самым быў адноўлены баланс сіл у Еўропе.