§ 4-2. Узнікненне новых нацыянальных дзяржаў у Еўропе

2. Стварэнне Германскай імперыі

Ідэя аб’яднання Германіі лунала ў паветры ад пачатку XIX ст. У перыяд рэвалюцый 1848—1849 гг. яна набыла больш выразныя формы. У другой трэці XIX ст. эканамічная інфраструктура Прусіі — прамысловасць, банкаўская сістэма, дарогі і чыгуначныя зносіны — імкліва развівалася. У выніку Прусія ператварылася ў самую моцную з нямецкіх дзяржаў і далучылася да агульнагерманскага Мытнага саюза. Аўстрыя, наадварот, была выключана з Мытнага саюза і адставала ў эканамічным развіцці, што падрывала яе традыцыйнае вяршэнства ў Германскім саюзе — аб’яднанні, створаным галоўным чынам для таго, каб забяспечыць абарону ад магчымай знешняй агрэсіі. На працягу 1860-х гг. кароль Прусіі Вільгельм I, правіцель з дынастыі Гагенцолернаў, імкнуўся стварыць магутную прускую армію. Абражаны ўпартасцю Заканадаўчага сходу Прусіі, які быў супраць увядзення новых падаткаў, прызначаных для рэфармавання арміі, Вільгельм быў у кроку ад адрачэння, калі прызначыў князя Ота фон Бісмарка на пост міністра-прэзідэнта.

Непераўзыдзены майстар realpolitik, Бісмарк наступным чынам апісваў тое, якой, па яго меркаванні, павінна быць дзяржаўная палітыка: «Надзённыя пытанні сённяшняга дня нельга вырашыць пры дапамозе размоў і пастаноў большасці… але толькі жалезам і крывёю». Бісмарк, па сутнасці, ігнараваў меркаванне прадстаўнічага органа і даў зразумець, што манархія і вайскоўцы будуць дамінаваць у нямецкім палітычным жыцці на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў. Не выпадкова яго называлі «жалезным канцлерам».

Бісмарк спланаваў тры вайны, каб завершыть аб’яднанне Германіі пад кіраўніцтвам Прусіі. Першай стала кароткая вайна з Даніяй (1864), супраць якой Прусія і Аўстрыя змагаліся разам, каб перадухіліць анексію датчанамі дзвюх княстваў — Шлезвіга і Гальштэйна — са шматлікім немецкім насельніцтвам. Пасля паражэння Даніі Прусія захапіла Шлезвіг, а Аўстрыя — Гальштэйн. Аднак саюз паміж двума прэтэндэнтамі на агульнагерманскае лідарства быў нядоўгім. Устрывожаная агрэсіўнай палітыкай Бісмарка Аўстрыя аб’явіла вайну Прусіі (1866). Прусія валодала новым і лепшым узбраеннем і выдатнай сістэмай чыгунак, па якіх войскі і ваенныя пастаўкі перамяшчаліся в любую кропку з неверагоднай хуткасцю. Прусія атрымала перамогу так хутка, што аўстра-прускі канфлікт стаў вядомы як Сямітыднёвая вайна.

Па мірным дагаворы Прусія атрымала тэрыторыі на поўначы Германіі, якія запоўнілі прамежак паміж усходнімі і заходнімі прускімі землямі, і ўключыла ў свой склад пяць мільёнаў чалавек. Германскі саюз быў распушчаны, і Аўстрыя назаўсёды адмовілася ад прэтэнзій на гегемонію ў адносінах да германскіх дзяржаў. Яна ўжо не магла супраціўляцца аб’яднанню Германіі пад уладай прускіх Гагенцолернаў.

У хуткім часе адбылося аб’яднанне 22 нямецкіх дзяржаў, размешчаных на поўнач ад ракі Майн, у Паўночнагерманскі саюз, які ўзначаліў прускі кароль. Быў створаны агульнагерманскі парламент — рэйхстаг, і мужчынам старэй 21 года было прадастаўлена выбарчае права. Аднак працэс аб’яднання Германіі ўсё яшчэ заставаўся незавершаным, паколькі чатыры каталіцкія дзяржавы ў Паўднёвай Германіі захоўвалі сваю незалежнасць. Канчатковаму аб’яднанню замінала Францыя, якая мела ўплыў на паўднёванямецкія дзяржавы (Баварыю, Бадэн, Вюртэмберг, Гесэн-Дармштат). І Бісмарк пачаў рыхтавацца да чарговай вайны.

Зручны момант надышоў, калі ўзнікла пытанне аб пераходзе ў спадчыну прастола ў Іспаніі. Прускі кароль прапанаваў заняць вакантны прастол у Мадрыдзе свайму далёкаму сваяку прынцу Леапольду Гагенцолерну. Занепакоены перспектывай быць акружаным Гагенцолернамі, Напалеон III выразіў настолькі моцны пратэст, што Вільгельм I пераканаў Леапольда знять сваю кандыдатуру. Незадаволены такой лёгкай дыпламатычнай перамогай, французскі імператар накіраваў свайго пасла на водны курорт у Эмсе, каб атрымаць ад прускага караля гарантыі таго, што кандыдатура Леапольда не будзе вылучацца ў будучыні. Прускі кароль цвёрда, але ветліва адхіліў патрабаванне Францыі і пазней накіраваў інфармацыю аб выніках перамоў Бісмарку ў Берлін. Кіраўнік урада ўбачыў у гэтым нязначным інцыдэнце, як ён сам прызнаваўся пазней, магчымасць «памахаць чырвоным сцягам» перад «гальскім быком». Ён адкарэктаваў тэлеграму караля, якая пазней стала вядомая як «Эмская дэпеша», такім чынам, што французскі пасол і кароль Прусіі выглядалі хіба што не смяротна пакрыўдзіўшымі адзін аднаго, і апублікаваў яе ў друку. Грамадскасць у абедзвюх краінах была абурана, але французы былі настроены больш ваяўніча, і ўрад Францыі першым аб’явіў вайну Прусіі ў ліпені 1870 г.

Як і чакаў Бісмарк, франка-пруская вайна (1870—1871) аб’яднала раздзеленых немцаў. Паказваючы барацьбу як нацыянальную вайну і распальваючы патрыятычныя настроі, Бісмарк уцягнуў у вайну дзяржавы Паўднёвай Германіі, і аб’яднаныя нямецкія арміі ўварваліся ў Францыю. Загартаваныя ў баях прусакі разграмілі слаба падрыхтаваныя і кепска ўзброеныя французскія войскі.

Без асаблівых цяжкасцей нямецкія войскі акружылі асноўныя сілы французаў у раёне Седана, і 1 верасня 1870 г. тут адбылася генеральная бітва, якая скончылася поўным разгромам асноўных сіл французскай арміі — паланеннем больш як 100 тыс. салдат і самога Напалеона III. Гэтак жа трагічна 27 кастрычніка 1870 г. скончылася 70-дзённая абарона Меца. Маршал Ф. Базен без бою здаў ворагу сваю амаль 200-тысячную армію —небывалы выпадак у гісторыі. Катастрофа Седана і Меца вызначыла вынік франка-прускай вайны, прывяла да рэвалюцыі ў Парыжы і канца Другой імперыі.

Яшчэ ў час ваенных дзеянняў 18 студзеня 1871 г. у Люстраной зале Версальскага палаца была абвешчана Германская імперыя, прускі кароль Вільгельм I стаў імператарам Германіі, Ота фон Бісмарк — першым рэйхсканцлерам. У склад новай імперыі ўвайшлі дзяржавы Паўночнагерманскага саюза, паўднёванямецкія дзяржавы і былыя французскія правінцыі Эльзас і Латарынгія, якія былі далучаны да Германіі па мірным дагаворы. Акрамя таго, Германія атрымлівала вялізную кантрыбуцыю. Так у Еўропе ўмацавалася новая цэнтралізаваная дзяржава, у якой бурна развівалася эканоміка і існавалі мілітарысцкія памкненні.

З’яўленне дзвюх новых буйных дзяржаў на еўрапейскім кантыненце прывяло да вялікіх змен у міжнародным жыцці. Францыя жадала рэваншу і вяртання страчаных тэрыторый. Палітычнае становішча ў Еўропе стала больш напружаным, і ў хуткім часе ўтварыліся блокі, якія супрацьстаялі адзін аднаму.