§ 3-2. Напалеонаўскія войны і іх вынікі

6. Свяшчэнны саюз

Новая Венская сістэма міжнародных адносін, у адрозненне ад папярэдняй Вестфальскай, грунтавалася не на саперніцтве буйнейшых дзяржаў Еўропы, а на іх цесным супрацоўніцтве. Гарантам сістэмы выступілі Англія, Расія, Аўстрыя, Прусія — іх сталі называць вялікімі дзяржавамі. Пазней да іх далучылася і Францыя. Палітыка цеснага ўзаемадзеяння вялікіх дзяржаў атрымала назву «еўрапейскі канцэрт».

Для захавання стабільнасці і падтрымання міру ў Еўропе на Венскім кангрэсе быў створаны «Свяшчэнны саюз манархаў і народаў». У гэтым сэнсе саюз з’яўляецца гістарычным правобразам будучых міжнародных арганізацый — Лігі Нацый і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Праўда, не ўсе еўрапейскія краіны ўвайшлі ў склад саюза, у прыватнасці, Вялікабрытанія, якая вырашыла не звязваць сябе пэўнымі абавязацельствамі і мець свабоду дзеянняў у еўрапейскай палітыцы.

Ядро саюза ўтварылі Расія, Аўстрыя і Прусія. Амаль ад самага пачатку ім давялося мець справу не з праблемамі вайны або міру, а змагацца з рэвалюцыямі і нацыянальна-вызваленчымі рухамі.

У Еўропе 1815—1849 гг. адбыліся тры паслядоўныя хвалі паўстанняў — у 1820-я, 1830-я і ў 1848—1849 гг. Польскае нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830—1831 гг. нанесла цяжкі ўдар самому існаванню саюза. Далейшыя спробы яго аднаўлення скончыліся няўдала. Самая сур’ёзная спроба была зроблена Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй у 1833 г. Манархі гэтых дзяржаў дамовіліся падтрымліваць адзін аднаго ў выпадку «ўнутраных смутаў» або пры знешняй небяспецы. Аднак рэвалюцыі 1848—1849 гг. нанеслі сур’ёзны ўдар па Свяшчэнным саюзе, прыпыніць рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух яму не ўдалося.