§ 3-2. Напалеонаўскія войны і іх вынікі
5. Усталяванне Венскай сістэмы міжнародных адносін
Вынікі напалеонаўскіх войнаў былі падведзены ў 1814 г. у Вене, дзе сабраліся прадстаўнікі ўсіх дзяржаў Еўропы, акрамя Асманскай імперыі. Галоўную ролю на Венскім кангрэсе адыгрывалі краіны-пераможцы — Англія, Расія, Аўстрыя і Прусія. Сучаснікі называлі Венскі кангрэс «танцуючым», паколькі ён праходзіў у нязмушанай абстаноўцы баляў.
Францыя адмовілася ад усіх заваёў і вярнулася да дарэвалюцыйных межаў. З яе тэрыторыі былі выведзены кааліцыйныя войскі, яе не прымушалі да выплаты кантрыбуцыі.
З аднаго боку, было прынята рашэнне аднавіць на прастолах манархаў, якія страцілі іх у ходзе рэвалюцый і напалеонаўскіх войнаў. Створаная ў Вене міжнародная сістэма была заклікана змагацца з любымі нацыянальнымі і рэвалюцыйнымі рухамі.
З іншага боку, удзельнікі кангрэса пайшлі на буйнамаштабнае змяненне межаў Еўропы, кіруючыся прынцыпам узнагароджання пераможцаў. Аўстрыя не толькі вярнула адабраныя Напалеонам землі, але і далучыла Венецыянскую рэспубліку, Таскану, Парму і Мадэну — дробныя дзяржавы Цэнтральнай Італіі. Прусіі дасталася частка тэрыторыі Саксоніі, Памераніі, Вестфаліі і Рэйнской вобласці. Расія атрымала большую частку Вялікага герцагства Варшаўскага, а таксама пацверджанне правоў на валоданне Фінляндыяй і Бесарабіяй. Швецыя ў парадку кампенсацыі за страту Фінляндыі атрымала Нарвегію. Вялікабрытанія значна ўзмацніла свой уплыў у Францыі і захавала за собой калоніі, захопленыя ёю ў час напалеонаўскіх войнаў.
У межах Свяшчэннай рымскай імперыі было створана канфедэратыўнае аб’яднанне незалежных дзяржаў — Германскі саюз. На ўсходзе Францыі з’явілася буфернае Нідэрландскае каралеўства. Так быў адноўлены баланс сіл у Еўропе, парушаны ў выніку напалеонаўскіх войнаў. Аднак разбураныя Напалеонам феадальныя парадкі адноўлены не былі.
Саюз Расіі, Аўстрыі і Прусіі быў закліканы захоўваць Венскую сістэму міжнародных адносін. Гэтая міжнародная сістэма праіснавала амаль да Першай сусветнай вайны. Моцны ўдар па ёй нанеслі рэвалюцыі 1848 г. і Крымская вайна 1853—1856 гг., калі быў падарваны ўсталяваны баланс сіл у Еўропе.