§ 3-2. Напалеонаўскія войны і іх вынікі

4. Разгром імперыі Напалеона

Тэрыторыя Расіі стала галоўным тэатрам ваенных дзеянняў, на якім вырашаўся лёс напалеонаўскай імперыі. Перамагчы кааліцыю Расіі і Вялікабрытаніі Напалеон так і не здолеў.

Пры гэтым ён быў вымушаны ваяваць на два франты, бо лепшыя сілы Напалеона (от 200 до 300 тыс. чалавек) знаходзіліся ў Іспаніі. Там ішла партызанская вайна супраць напалеонаўскай арміі, у якой іспанцам дапамагалі ўсё тыя ж англічане. Яшчэ 200 тыс. чалавек былі раскватараваны ў Еўропе.

Прычыны вайны з Расіяй былі глыбокія і шматгранныя. Асноўная прычына — імкненне Напалеона да ўсталявання сусветнай гегемоніі, на шляху да якой стаялі Расія і Вялікабрытанія. Напалеон усяляк падрываў аўтарытэт Расіі на міжнароднай арэне, увесь час намякаў на дачыненне Аляксандра I да забойства імператара Паўла. Асабістая непрыязнасць паміж двума імператарамі асабліва ўзрасла пасля адмовы Аляксандра I аддаць замуж за Напалеона княжну Кацярыну, а затым і княжну Ганну. Са свайго боку Аляксандр I імкнуўся разарваць ганебны Тыльзіцкі мір, які абмяжоўваў выгадны гандаль з Англіяй, і аднавіць у Еўропе ранейшы палітычны ўплыў.

12 (24) чэрвеня 1812 г. Напалеон уварваўся ў Расію з Вялікай арміяй агульнай колькасцю больш за 600 тыс. чалавек. Гэта была інтэрнацыянальная армія. Менш за палову салдат складалі французы. Сам Напалеон гаварыў аб тым, што ў Вялікай арміі «па-французску не гавораць і 140 тысяч». Астатнія — немцы, палякі, італьянцы, іспанцы, аўстрыйцы, харваты, швейцарцы і г. д. Руская армія налічвала каля мільёна чалавек, але тая была раскідана па неабсяжных прасторах Расіі.

Важную ролю ў перамозе над Напалеоном адыграў план фактычна выконваючага абавязкі галоўнакамандуючага рускай арміяй у пачатку Айчыннай вайны 1812 г. М. Б. Барклая-дэ-Толі. У адпаведнасці з яго планам прадугледжвалася адступленне рускай арміі і завабліванне французскіх войскаў углыб краіны — гэта быў так званы скіфскі план. Дзве рускія арміі, якія адступалі — Барклая-дэ-Толі і Баграціёна, — злучыліся каля Смаленска, але даць вырашальную бітву ім не ўдалося.

У гэты час галоўнакамандуючым усімі рускімі арміямі і апалчэннямі стаў М. І. Кутузаў, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў арміі і грамадстве. Палкаводзец добра ўсведамляў сілу і моц напалеонаўскай арміі. Ён не быў схільны да безаглядных бітваў, таму рускія войскі адступалі, рыхтуючыся да вырашальнай бітвы. Кутузаву прыпісваюць словы: «Мы Напалеона не пераможам. Мы яго ашукаем».

У Барадзінскай бітве 26 жніўня 1812 г. Напалеон упершыню не дабіўся пастаўленых мэт. Сваё ўступленне ў Маскву і адступленне рускіх войскаў да сяла Таруціна ён успрыняў як перамогу. Дапушчаную памылку ён асэнсаваў тады, калі ўжо было позна што-небудзь змяніць на сваю карысць. Узмацненне рускай арміі і патрыятычны ўздым народа прымусілі яго пайсці з Масквы. Рускае камандаванне навязала французам адступленне па спустошанай ваеннымі дзеяннямі Смаленскай дарозе, па якой Вялікая армія наступала на Маскву. Рэшткі французскай арміі адступалі пры «паралельным пераследаванні» з боку рускіх войскаў.

У 1813 г. Аляксандр I выдаў загад арміі перайсці граніцу і рухацца на вызваленне Еўропы. У самай буйной бітве эпохі напалеонаўскіх войнаў — «бітве народаў» пад Лейпцыгам у кастрычніку 1813 г. — французы пацярпелі скрышальны разгром ад кааліцыі, прадстаўленай Расіяй, Англіяй, Швецыяй, Партугаліяй і Іспаніяй. У пачатку 1814 г. саюзнікі занялі Парыж. Напалеон адрокся ад трона і быў сасланы на востраў Эльба каля берагоў Італіі.

У Францыі была адноўлена ўлада Бурбонаў. Рэстаўрацыя дарэвалюцыйных парадкаў выклікала выбух незадаволенасці, што дало магчымасць Напалеону ў сакавіку 1815 г. з трыумфам вярнуцца са ссылкі і на 100 дзён захапіць уладу. У чэрвені 1815 г. каля вёскі Ватэрлоа ў Бельгіі войскі антыфранцузскай кааліцыі нанеслі арміі Напалеона канчатковае паражэнне. Бітвай пад Ватэрлоа скончылася эпоха напалеонаўскіх войнаў.

Пасля напалеонаўскіх войнаў Францыя аказалася пад уплывам Вялікабрытаніі. Расія стала кантынентальнай дзяржавай нумар адзін і галоўным праціўнікам Англіі.