§ 3-2. Напалеонаўскія войны і іх вынікі

3. Разбурэнне феадальна-абсалютысцкіх парадкаў у Еўропе

Палітыка Напалеона садзейнічала хуткаму адраджэнню французскай прамысловасці, росту гандлю, умацаванню флоту. Францыя стала ператварацца ў сур’ёзнага канкурэнта Вялікабрытаніі. Да канца 1800-х гг. Напалеону ўдалося падпарадкаваць большасць краін Еўропы. «Вялікая імперыя» па колькасці насельніцтва амаль удвая пераўзыходзіла дарэвалюцыйную Францыю. Па перыметры яе граніц Напалеон стварыў шырокі пояс залежных дзяржаў з манархічнай формай праўлення, на чале якіх ён ставіў сваіх сваякоў.

У 1806 г. на чале з самім Напалеонам быў утвораны Рэйнскі саюз — аб’яднанне залежных ад Францыі германскіх дзяржаў. Свяшчэнная рымская імперыя германскай нацыі перастала існаваць.

У 1807 г. з польскіх тэрыторый, якія адышлі ў час Другога і Трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай да Прусіі і Аўстрыйскай імперыі, было ўтворана Вялікае герцагства Варшаўскае пад пратэктаратам напалеонаўскай Францыі. Да 1846 г. праіснавала маленькая Кракаўская Рэспубліка, якая кіравалася Кодэксам Напалеона.

На падкантрольных Францыі тэрыторыях ліквідаваліся феадальныя парадкі. Праводзіліся буржуазныя пераўтварэнні, якія ўключалі ўвядзенне Грамадзянскага кодэкса, ліквідацыю прыгоннай залежнасці сялян, адмену памешчыцкай юрысдыкцыі, гэта значыць права суда над сялянамі, скарачэнне колькасці манастыроў і распродаж іх зямлі. Гэтыя пераўтварэнні мелі прагрэсіўны характар, аднак асаблівых сімпатый асноўнай масы жыхароў да заваёўнікаў не выклікалі. І ў гэтым не было нічога дзіўнага, бо адваротным бокам французскай акупацыі былі рабаванне насельніцтва, абкладанне яго падаткамі і кантрыбуцыямі, рэкруцкія наборы.