§ 3-2. Напалеонаўскія войны і іх вынікі
2. Супрацьстаянне і войны
Французская армія камплектавалася на аснове ўсеагульнай воінскай павіннасці. Пасля выгнання інтэрвентаў Францыя пайшла ў наступленне, пачаўшы захопніцкія войны. Былі акупіраваны Бельгія, Галандыя, прырэйнскія германскія дзяржавы, Іанічныя астравы (паўднёва-заходняя частка Грэцыі), востраў Мальта.
У 1798 г. Напалеон пачаў егіпецкі паход, які ствараў сур’ёзную пагрозу ўладанням Вялікабрытаніі ў Індыі. Паспяховае наступленне ў Егіпце было абнулена разгромам французскага флоту англійскім пад камандаваннем адмірала Г. Нельсана. Руская эскадра віцэ-адмірала Ф. Ф. Ушакова вызваліла ад французаў Іанічныя астравы.
У 1799 г. галоўным тэатрам ваенных дзеянняў стала Італія. Аб’яднаныя руска-аўстрыйскія войскі пад камандаваннем А. В. Суворава вызвалілі ад французаў Паўночную Італію. У ходзе ваенных дзеянняў войскі Суворава здзейснілі небывалы пераход праз Альпы ў Швейцарыю. Праўда, у хуткім часе Напалеон зноў стаў гаспадаром Італіі пасля разгрому аўстрыйскіх войскаў пры Марэнга ў 1800 г.
У 1801 г. былі падпісаны англа-руская марская канвенцыя і сакрэтны дагавор з Францыяй. Але захаваць нейтралітэт Расіі не ўдалося. Улетку 1803 г. французы акупіравалі Гановер і некаторыя пункты ў раёне Гамбурга, важныя для рускага гандлю. У сакавіку 1804 г. французскі атрад уварваўся на тэрыторыю Бадэнскага курфюршаства, якое знаходзілася пад апекай Расіі, захапіў французскага эмігранта герцага Л. А. Энгіенскага. Пазней яго расстралялі паводле прыгавору суда ў Францыі. Адказваючы на ноту пратэсту Аляксандра I, якую той даслаў разам з іншымі манархамі, Напалеон у завуаліраванай форме абвінаваціў яго ў забойстве бацькі. У верасні 1804 г. Расія разарвала дыпламатычныя адносіны з Францыяй, а ў красавіку 1805 г. падпісала з Англіяй канвенцыю, па якой абавязалася выставіць супраць Напалеона армію ў 116 тыс. чалавек. Увосень да канвенцыі далучыліся Аўстрыя, Швецыя і Неапалітанскае каралеўства.
У 1805 г. Напалеон уварваўся ў Аўстрыю, разбіў у бітве каля горада Ульм аўстрыйскую армію і заняў сталіцу. Знакамітая «бітва трох імператараў» — пад такой назвай увайшла ў гісторыю бітва пад Аўстэрліцам у канцы 1805 г. — скончылася разгромам Расіі і Аўстрыі. Пасля гэтага Напалеон фактычна стаў гаспадаром Еўропы. Толькі Вялікабрытаніі ўдалося захаваць недатыкальнымі свае тэрыторыі, разграміўшы ў кастрычніку 1805 г. аб’яднаны франка-іспанскі флот у Трафальгарскай бітве.
У снежні 1805 г. Аўстрыя падпісала сепаратнае пагадненне з Францыяй. Пасля гэтага Напалеон разграміў Прусію (1806) і нанёс сур’ёзнае паражэнне Расіі, якая дапамагала Прусіі, у бітве пад Фрыдландам (1807). У 1807 г. Расія і Францыя падпісалі Тыльзіцкі мір, па якім Расія выходзіла з вайны без страт, але далучалася да кантынентальнай блакады, паколькі цяпер Напалеон спадзяваўся перамагчы Вялікабрытанію шляхам татальнай ізаляцыі. Гэта ўдарыла па інтарэсах буйных рускіх землеўладальнікаў, якія прадавалі збожжа ў Англію. Напалеон прызнаваў панаванне Расіі на Усходзе, а Аляксандр I — панаванне Францыі на Захадзе.