§ 3-1. Францыя ў эпоху Консульства і імперыі Напалеона Банапарта

2. Унутраная палітыка Напалеона. Кодэкс Напалеона

Банапарту трэба было наноў стварыць дзяржаўнае кіраванне краінай, аднавіць прамысловасць, фінансы пры поўнай адсутнасці крэдыту. Ён ліквідаваў дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, стварыў Французскі банк, увёў новую грашовую адзінку — франк. Урад Напалеона ўсяляк заахвочваў земляробства, прадпрымальніцкую дзейнасць, прадастаўляў буйной буржуазіі выгадныя дзяржаўныя заказы. У 1801 г. было заснавана Таварыства заахвочвання нацыянальнай прамысловасці. У парадак прыводзіліся сухапутныя і рачныя шляхі зносін.

Палітыка Напалеона выражала інтарэсы ўласнікаў, а галоўнае — буржуазіі і «новых багацеяў». Лозунг «Свабода, роўнасць і братэрства!» быў заменены лозунгам «Свабода, роўнасць і ўласнасць!». Прынятыя законы пацвердзілі права валодання ўласнасцю і маёмасцю, набытымі ў гады рэвалюцыі.

Імператарская ўлада абапіралася на армію і паліцыю. Армія набыла вялізны ўплыў на палітычнае жыццё краіны, ператварылася ў прафесійную і ўключала прывілеяваныя войскі — імператарскую гвардыю. Вельмі важную ролю адыгрывала паліцэйская сістэма. Была створана разгалінаваная сетка палітычнага вышуку і шпіянажу. Кіраўнікі (камісары) паліцыі ў акругах і гарадах прызначаліся міністрам паліцыі Напалеона Ж. Фушэ і дзейнічалі пад яго кіраўніцтвам. «На час вайны» Напалеон закрыў 60 з 73 парыжскіх газет, а астатнія паставіў пад урадавы кантроль.

Важным заканадаўчым актам напалеонаўскай эпохі быў Грамадзянскі кодэкс, прыняты ў 1804 г. У 1807 г. ён быў перайменаваны ў Кодэкс Напалеона, які замацоўваў буржуазную мадэль маёмасных адносін, спадчыннага права і становішча наёмнага работніка, адмену феадальных перажыткаў, перадачу зямлі на карысць буржуазіі і сялянства, гэта значыць абарону прыватнай уласнасці і роўнасць усіх перад законам. Асноўныя палажэнні Кодэкса Напалеона былі пазней прынятыя ў многіх краінах свету.

Акрамя Грамадзянскага кодэкса ў час імперыі былі прыняты і іншыя кодэксы, якія рэгламентавалі ўсе сферы жыцця грамадства: грамадзянскага і крымінальнага судаводства (1806), гандлёвага права (1807), крымінальных законаў (1810). Ва ўсіх гэтых заканадаўчых актах былі знішчаны рэшткі феадалізму. Праўда, у сферы крымінальнага права напалеонаўскае заканадаўства захавала некаторыя дарэвалюцыйныя традыцыі. У прыватнасці, былі адноўлены такія пакаранні, як адсячэнне забойцам бацькоў перад смяротнай карай правай рукі, клеймаванне пляча, прыкоўванне да катаржнікаў цяжкага ядра, адмененыя толькі ў 1832 г.

Акрамя бюракратычнага апарата Напалеон стаў абапірацца на царкву. 25 снежня 1799 г. царкоўныя будынкі былі вернуты царкве. Канфіскацыя ж царкоўных зямель, праведзеная рэвалюцыянерамі, была прызнана законнай. У перыяд Консульства 15 ліпеня 1801 г. Напалеон заключыў пагадненне з Папам Піем VII. У Францыі была адноўлена дзяржаўная царква. Епіскапы прызначаліся першым консулам, але атрымлівалі зацвярджэнне ад папы рымскага. 1 студзеня 1806 г. быў адменены рэспубліканскі каляндар і адноўлены хрысціянскі. Напалеон аб’явіў каталіцызм веравызнаннем большасці французаў. Каталіцкая царква прымірылася з новым парадкам рэчаў у Францыі, і Папа Рымскі каранаваў Напалеона на царства. Праўда, пазней адносіны паміж імі сапсаваліся, і пантыфік адлучыў Напалеона ад царквы.

Грамадства з пераходам Францыі да імперыі набыла стабільнасць і парадак, але страціла ўсе асноўныя заваёвы рэвалюцыі. Абарона прыватнай уласнасці і прадпрымальніцтва суправаджалася цяжкімі ўмовамі найму, бяспраўем рабочых, забаронай на правядзенне публічных сходаў, маніфестацый, забастовак, усталёўвалася цэнзура над прэсай. Напалеон бязлітасна распраўляўся з апазіцыяй. Сутнасцю палітыкі Напалеона было лавіраванне паміж рознымі сацыяльнымі сіламі з апорай на магутны бюракратычны апарат, армію і паліцыю. Напалеон стварыў новы, буржуазны па сваёй сутнасці, парадак у Францыі.