§ 2-2. Сацыяльныя і палітычныя вынікі прамысловай рэвалюцыі

4. Новыя палітычныя ідэалогіі і партыі

Новай з’явай у грамадскім жыцці краін Захаду сталі палітычныя партыі, якія прадстаўлялі інтарэсы той ці іншай сацыяльнай групы. Асноўнымі, пераважна буржуазнымі, партыямі былі ліберальная і кансерватыўная, што змянялі адна адну ва ўладзе. Напрыклад, у Францыі гэта былі рэспубліканцы і манархісты, а ў Англіі галоўную апазіцыю кансерватарам-торы склалі лібералы-вігі.

Ім супрацьстаялі партыі і арганізацыі левай арыентацыі, якія рэзка крытыкавалі капіталізм і заклікалі да пабудовы сацыялістычнага грамадства. Вялікай прыцягальнай сілай валодаў марксізм, які абвясціў сваёй мэтай звяржэнне буржуазіі, панаванне пралетарыяту і заснаванне новага грамадства, без класаў і прыватнай уласнасці.

Самымі ўплывовымі партыямі левай арыентацыі былі сацыял-дэмакраты. Аднак у сярэдзіне 1890-х гг. у сацыял-дэмакратычным руху ўзмацнілася ліберальна-рэфармісцкае крыло. Яго ідэолаг нямецкі сацыяліст Э. Бернштэйн адмаўляў неабходнасць сацыялістычнай рэвалюцыі і лічыў, што частковае ажыццяўленне сацыялізму магчымае ў рамках капіталістычнага грамадскага ладу.

Такім чынам, прамысловая рэвалюцыя садзейнічала з’яўленню новых сацыяльных груп, умацаванню ліберальна-кансерватыўнай палітычнай мадэлі, пашырэнню выбарчага права, барацьбе рабочых за свае правы, з’яўленню прафсаюзаў і партый.

У выніку з развіццём прафсаюзнага руху і ўзнікненнем палітычных партый, якія адстойвалі інтарэсы наёмных рабочых, у большасці індустрыяльных краін былі прыняты законы, што абмяжоўвалі працягласць рабочага дня, вызначалі мінімальныя зарплаты. Пры ўзнікненні працоўных спрэчак дзяржава для захавання сацыяльнага міру стала выконваць ролю арбітра. У гэтых умовах асноўным метадам росту прадукцыйнасці, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці стала выкарыстанне больш дасканалага абсталявання. Канкурэнтаздольнасць нарошчвалася за кошт абнаўлення асартыменту і росту якасці выпушчанай прадукцыі.