§ 2-2. Сацыяльныя і палітычныя вынікі прамысловай рэвалюцыі

2. Змены ў ладзе жыцця ў эпоху прамысловай рэвалюцыі

Развіццё прамысловасці непазбежна вяло да збяднення мануфактур, дробных рамесных вытворчасцей. Рост колькасці беспрацоўных прывёў да з’яўлення «работных дамоў», у якіх беспрацоўным прадастаўлялі нізкааплатную працу пры ўмове пражывання і падпарадкавання ўнутранаму распарадку такога дома.

Машынная вытворчасць не патрабавала вялікай фізічнай сілы. Прадпрымальнікі шырока выкарыстоўвалі працу дзяцей і жанчын. Ненармальная працягласць рабочага дня (14—17 гадзін), цяжкія ўмовы працы, кепскае харчаванне і адсутнасць паўнавартаснага адпачынку вялі да высокай смяротнасці сярод рабочых. Толькі ў канцы XIX ст. рабочыя ў развітых краінах Заходняй Еўропы дабіліся і лепшых умоў працы, і значна большай зарплаты.

У канцы XIX ст. пачаліся паступовае згортванне рынку свабоднага прадпрымальніцтва, пераход да канцэнтрацыі і манапалізацыі капіталу, «глабалізацыі» бізнесу. Дробныя і сярэднія прадпрыемствы паглыналіся буйнымі.

Першапачаткова манапалісты дзейнічалі напорыста і адкрыта, не маскіравалі свае дзеянні, хоць і хавалі ад шырокай грамадскасці свае прыбыткі. Напрыклад, у ЗША аб шакіруючых махлярскіх аперацыях прадпрымальнікаў стала вядома дзякуючы рэпарцёрам, так званым «разграбальнікам бруду». Іх выкрыцці выклікалі ў краіне хвалю абурэння. Гэта прымусіла амерыканскі ўрад прыступіць да рэфармавання працоўнага і падатковага заканадаўства, да распрацоўкі антыманапольных актаў.

«Групы інтарэсаў» з ліку буйных бізнесменаў імкнуліся дабіцца прыняцця выгадных для іх урадавых рашэнняў і павінны былі пастаянна звяртацца да грамадскага меркавання. У якасці інструмента ўсё часцей выкарыстоўвалі сродкі масавай інфармацыі (СМІ). Гэта быў час станаўлення масавай прэсы, ужо тады здольнай аператыўна распаўсюджваць інфармацыю ў маштабах краіны.

Фінансавыя і прамысловыя магнаты даволі хутка ўсвядомілі ролю і значэнне прэсы ў грамадстве і пачалі выкарыстоўваць яе ў сваіх інтарэсах. З дапамогай СМІ яны імкнуліся нейтралізаваць крытычныя настроі. Для гэтага наймаліся журналісты, праца якіх шчодра аплачвалася. Праплачаныя работнікі прэсы павінны былі мэтанакіравана падносіць грамадскасці меркаванне прадпрымальнікаў з нагоды тых ці іншых падзей. Так, у 1914 г. супраць гарнякоў, якія баставалі на рудніках Ракфелераў, была ўжыта зброя. «Пабоішча ў Лудлоў» выклікала абурэнне ў насельніцтва. Але так званыя піяршчыкі дапамаглі нейтралізаваць незадаволенасць людзей, пераключыўшы іх увагу на іншыя тэмы і падзеі.

З сярэдзіны XIX ст. сталі мяняцца сямейныя адносіны, са зніжэннем нараджальнасці і ўрбанізацыяй узнікла малая сямя, якая аб’ядноўвала толькі бацькоў і дзяцей. Раней вялікія шматдзетныя сем’і аб’ядноўвалі людзей, што знаходзіліся ў розных сваяцкіх адносінах, належалі да розных пакаленняў і ўяўлялі сабой вытворчую ячэйку. У нядаўнім мінулым дом у горадзе служыў і майстэрняй, і крамай па продажы тавараў. Цяпер само домаўладанне стала важнай крыніцай даходу, кватэры здавалі разам з мэбляй. У багатых дамах і кватэрах з’явіліся электрычнае асвятленне і тэлефон. У побыт увайшлі швейныя машыны і веласіпеды.