§ 2-1. Развіццё транспарту і сувязі, міграцыя насельніцтва і ўрбанізацыя

4. Роля навукі ў развіцці прамысловасці

Да пачатку XIX ст. у Еўропе назапасіліся шырокія навуковыя веды. Іх вынікам сталі выдатныя тэхнічныя вынаходніцтвы, якія мелі выключнае значэнне для вытворчасці. Цесна звязаныя адно з адным навуковыя дасягненні і тэхнічны прагрэс развіваліся не паасобку. Яны былі запатрабаваны грамадствам, і перш за ўсё патрэбамі прамысловай рэвалюцыі. Гэта добра відаць на прыкладзе практычнага выкарыстання дасягненняў навукі ў найбольш развітай у Англіі тэкстыльнай прамысловасці.

Спачатку Д. Кей, просты механік, вынайшаў прадзільны станок з «лятучым чаўнаком» (1733), які прыводзіўся ў рух не ўручную, а нажной педаллю. У выніку працэс ткацтва паскараўся ў два разы, але гэтага было мала. Інтарэсы прадпрымальнікаў, якія імкнуліся да максімальна магчымага прыбытку, патрабавалі патаннення вытворчасці. Праз 30 гадоў Д. Харгрыўс, які працаваў цесляром і ткачом, пабудаваў механічную прадзільную машыну «Джэні», якая дазваляла скручвать адначасова 16 нітак. І толькі ў 1785 г. Э. Картрайт, які атрымаў адукацыю ў Оксфардскім універсітэце, стварыў механічны ткацкі станок, які павялічыў прадукцыйнасць працы ў 40 разоў. Гэтым вынаходніцтвам у Англіі завяршылася поўная механізацыя прадзення і ткацтва. Па хадайніцтве фабрыкантаў Э. Картрайт атрымаў ад парламента буйное на той час узнагароджанне ў 10 тыс. фунтаў стэрлінгаў.

Пасля таго як тэкстыльная прамысловасць у Англіі была цалкам механізавана, узнікла патрэба ў стварэнні ўніверсальнага рухавіка — прылады, якая б не залежала ад прыродных крыніц энергіі, як, напрыклад, ветразь або вадзяныя і ветраныя колы. У Англіі такім універсальным рухавіком стала паравая машына, якую стварыў Д. Уат у 1784 г. Яна ператварала энергію вадзяной пары ў механічную работу. Варта заўважыць, што першая паравая машына пастаяннага дзеяння была створана рускім механікам І. І. Палзуновым яшчэ ў 1763 г., але машына Уата была больш дасканалай. Такім чынам была пераадолена залежнасць чалавека ад сіл прыроды — ветру, вады і г. д.

Абапіраючыся на навуковыя адкрыцці, тэхнічны прагрэс упершыню стаў важным фактарам эканамічнага развіцця. У XIX ст. былі вынайдзены рухавікі, якія ператваралі электрычную энергію ў механічную. З’явіліся электратэхнічная і хімічная прамысловасць, машынабудаванне, нафтаздабыча і нафтаперапрацоўка. У новых сферах прамысловай вытворчасці вядучыя пазіцыі занялі ЗША і Германія.

У пачатку XX ст. быў ажыццёўлены пераход да сучаснай індустрыяльнай вытворчасці. Аб’ёмы тэхналагічна складанай прадукцыі, якія ўвесь час узрасталі, патрабавалі не толькі абнаўлення станкоў, але і новай арганізацыі вытворчасці. Амерыканскі інжынер Ф. У. Тэйлар вынайшаў канвеерную вытворчасць, падзяліўшы працэс стварэння  складаных вырабаў на простыя аперацыі, якія выконваліся ў дакладнай паслядоўнасці і за дакладна вызначаны час. Гэта значна паскорыла працэс вытворчасці і рост прадукцыйнасці працы.