§ 2-1. Развіццё транспарту і сувязі, міграцыя насельніцтва і ўрбанізацыя

3. Міграцыя насельніцтва і ўрбанізацыя

Перамяшчэнне людзей на вялікія адлегласці і ў вялікай колькасці — адно з важнейшых наступстваў прамысловай рэвалюцыі. Міграцыі садзейнічалі росту не толькі гарадоў, але і цэлых краін. Адрозніваюць унутраную (перасяленне) і знешнюю міграцыю.

Практычна ў кожнай еўрапейскай краіне існаваў рух насельніцтва з сяла ў горад. У той жа час назіралася перасяленне людзей у іншыя краіны. Ірландскія рабочыя ўладкоўваліся ў прамысловых цэнтрах Англіі. Францыя прымала бельгійцаў, італьянцаў, палякаў, немцаў, швейцарцаў. Па эканамічных і палітычных прычынах многія еўрапейцы вымушаны былі эмігрыраваць за акіян. У Злучаных Штатах Амерыкі на працягу XIX ст. знайшлі прытулак больш за 30 млн чалавек. Сотні тысяч аселі ў Аўстраліі, Новай Зеландыі, Бразіліі і Аргенціне. Актыўна ішоў працэс перасялення жыхароў еўрапейскай часткі Расіі ў Сібір. Магутная хваля міграцыі садзейнічала распаўсюджванню культурнага ўплыву Еўропы ва ўсім свеце.

У XIX ст. значна ўзмацніліся рост гарадоў і гарадскога насельніцтва і распаўсюджванне гарадскога ладу жыцця на ўсё грамадства. Важнейшымі перадумовамі ўрбанізацыі сталі рост прамысловасці ў гарадах, узмацненне іх культурнай і палітычнай ролі. Калі ў пачатку XIX ст. у гарадах свету пражывала 29,3 млн чалавек (3 % насельніцтва Зямлі), то да 1900 г. — 224,4 млн (13,6 %).

Буйныя гарады ўзнікалі і ў эпоху антычнасці. Уздым гарадскога будаўніцтва назіраўся на Захадзе ў Сярэднія вякі, асабліва з XIII ст. Але заўсёды і паўсюль гарады былі невялікімі астраўкамі сярод вялізнай масы сельскага насельніцтва. З канца XVIII ст. становішча змянілася, і гарады сталі паступова ператварацца ў буйныя населеныя пункты з вялікай колькасцю людзей, занятых не ў сельскай гаспадарцы. Да канца XIX ст. у развітых прамысловых краінах гарадское насельніцтва альбо наблізілася колькасна да сельскага, альбо перавысіла яго. Напрыклад, у Вялікабрытаніі гарадское насельніцтва склала 75 % усіх жыхароў краіны.

Асабліва высокай ступенню ўрбанізацыі характарызаваліся прамысловыя раёны, што ўзнікалі, як правіла, у каменнавугальных і металургічных басейнах Еўропы. Такія раёны ўтварыліся ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Францыі, Германіі. Насельніцтва Манчэстара, цэнтра баваўнянай прамысловасці Ланкашыра, за стагоддзе павялічылася ў 10 разоў. Горад Эсэн у Рурскім басейне, які з’яўляўся «цытадэллю» Крупаў, у пачатку стагоддзя быў невялікім населеным пунктам з насельніцтвам 4 тыс. чалавек. У 1900 г. у ім пражывала 300 тыс. Падобную «эвалюцыю» здзейсніў расійскі партовы горад Адэса, насельніцтва якога ў 1800—1900 гг. павялічылася з 6 тыс. до 500 тыс. чалавек.

Гарадамі-гігантамі сталі Лондан і Парыж, колькасць насельніцтва якіх у пачатку XX ст. узрасла адпаведна да 4,7 і 3,6 млн чалавек. Але асабліва дзіўным быў рост Берліна, які знаходзіўся ўбаку ад асноўных прамысловых раёнаў Германіі. У пачатку XVIII ст. гэта быў утульны і параўнальна невялікі горад (усяго 30 тыс. жыхароў), «заціснуты» з усіх бакоў цытадэльнымі сценамі. У 1800 г. у ім налічвалася 170 тыс. чалавек. І раптам, нібыта па ўзмаху чароўнай палачкі, горад пачаў будавацца, пашырацца, імкліва выйшаў за межы цытадэльных сцен, паглынаючы прылеглыя да яго тэрыторыі са шматлікімі населенымі пунктамі. Прычынамі росту насельніцтва сталі індустрыялізацыя, якая пачалася пасля напалеонаўскіх войнаў, і буржуазныя рэформы ў Прусіі, уключаючы адмену прыгоннага права. Да 1900 г. Берлін, у якім налічвалася 2,7 млн жыхароў, ператварыўся ў буйнейшы пасля Лондана і Парыжа горад Еўропы.

Прамысловая рэвалюцыя садзейнічала з’яўленню «вертыкальных» гарадоў са шчыльнай забудовай і развіццю прыгарадных зон. У 1885 г. у Чыкага быў пабудаваны першы ў свеце хмарачос. Першапачаткова ён меў 10 паверхаў; у 1891 г. былі надбудаваныя яшчэ два.

З ростам індустрыі, развіццём транспарту і сувязі, гандлю і адукацыі, з’яўленнем манаполій і буйных банкаў узнікла катэгорыя асоб наёмнай працы, якія маглі існаваць толькі ў гарадах. Найбольш высокімі тэмпамі рост гарадоў забяспечваўся за кошт прытоку прамысловых рабочых і служачых. Ствараючы культурныя і матэрыяльныя каштоўнасці, яны рабілі вялізны ўплыў на грамадства. Цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся з вёскі ў горад. Гарады ў XIX—XX стст. былі крыніцай пастаяннай сацыяльнай напружанасці і рэвалюцыйных хваляванняў.