§ 2-1. Развіццё транспарту і сувязі, міграцыя насельніцтва і ўрбанізацыя
2. Развіццё транспарту і сувязі
Павелічэнне здабычы жалезнай руды і каменнага вугалю патрабавала развіцця транспартнай сістэмы. Будаваліся дарогі з палепшаным пакрыццём, якія можна было выкарыстоўваць у любую пару года, каналы. У 1825 г. для перавозкі вугалю на паўночным усходзе Вялікабрытаніі была адкрыта першая ў свеце чыгунка (Стоктан-Дарлінгтонская).
У канцы XIX ст. навучыліся перадаваць электраэнергію па правадах на вялікія адлегласці, з’явіліся першыя электрычныя трамваі, метрапалітэн.
Сапраўдны прарыў у сферы транспарту (аўтамабіле- і авіябудаванне) адбыўся з вынаходніцтвам рухавіка ўнутранага згарання. Сярод яго стваральнікаў і вытворцаў вядомыя многім А. Ота, К. Бенс, Г. Даймлер, В. Майбах і інш. У пачатку XX ст. на прадпрыемстве Г. Форда ў ЗША быў створаны аўтамабіль для масавага карыстання.
Буйныя тэхналагічныя рэвалюцыі адбываюцца тады, калі энергетычная рэвалюцыя супадае з пераваротум у сферы камунікацый.
Менавіта такі пераварот адбыўся ў другой палове XIX ст. у сувязі з вынаходніцтвам тэлефона, радыё і тэлеграфа. Новыя сродкі сувязі значна паскорылі абмен інфармацыяй, скарацілі дастаўку паведамленняў да некалькіх гадзін, а затым і хвілін. Аднак кантыненты, падзеленыя акіянамі, абменьваліся інфармацыяй, як і раней, на паперы. Вялікая тэхнічная праблема заключалася ў тым, што доўгі час не маглі вынайсці добрыя ізалятары для медных і жалезных правадоў, каб пракласці кабель па дне акіяна. Таму пракладка ў 1860-я гг. трансатлантычнага тэлеграфнага кабелю, які звязаў Амерыку з Еўропай, лічыцца адным з самых грандыёзных тэхнічных праектаў XIX ст.
З развіццём транспарту і сувязі навука стала інтэрнацыянальнай: вучоныя перасталі працаваць ізалявана, хутка даведваліся пра дасягненні адзін аднаго, дапаўнялі іх, што значна паскорыла навукова-тэхнічны прагрэс.