§ 19. Развіццё навукі і культуры ва ўмовах крызісу індустрыяльнага грамадства
2. Навука і культура
Драматычны вопыт Першай сусветнай вайны і новыя тэхналогіі значна паўплывалі на трансфармацыю як народнай, так і элітарнай культуры. Да вайны радыё выкарыстоўвалася перш за ўсё ў якасці бяздротавага тэлеграфа на караблях. У 1920-я гг. яно ператварылася ў сродак трансляцыі музыкі, навін і рэкламы. Урад ЗША дазволіў стварыць прыватнае радыёвяшчанне. Але ў большасці іншых дзяржаў радыёвяшчанне знаходзілася ва ўласнасці дзяржавы, і новы сродак інфармацыі выкарыстоўваўся ў адукацыйных, культурных і прапагандысцкіх мэтах.
Новыя тэхналогіі ўплывалі на развіццё іншых сродкаў масавай інфармацыі (масмедыя). Тут таксама наперадзе былі ЗША, за якімі ішла Еўропа. Павялічваліся тыражы газет і часопісаў, якія прываблівалі чытачоў сенсацыйнымі загалоўкамі і фотаздымкамі. Маляўнічыя аб’явы ў газетах заклікалі спажыўца набываць новыя тавары. Недарагія грамафоны і патэфоны дазвалялі нават сем’ям з сярэднімі даходамі атрымліваць асалоду ад музыкі ў сваіх дамах, што раней было прывілеяй багатых. Усё больш папулярным станавіўся кінематограф. Джаз, мультыплікацыйныя і гангстарскія фільмы набылі вядомасць на ўсіх кантынентах, што сведчыла пра ўзнікненне глабальнай масавай культуры.
У цэлым жа культура не толькі змянялася пад уплывам тэхнічных дасягненняў, але і трансфармавалася пасля вайны дзякуючы адкрыццям у прыродазнаўчых і сацыяльных навуках. Сярод мноства тэорый і адкрыццяў першых дзесяцігоддзяў XX ст. некаторыя мелі глабальныя вынікі.
Рэвалюцыя ў фізіцы змяніла ўсе старыя ўяўленні аб прыродзе. Выявілася, што атам не з’яўляецца апошняй непадзельнай часцінкай матэрыі, паколькі складаецца з яшчэ больш дробных часцінак. М. Планк адкрыў, што святло і энергія не ўтвараюць безупынны паток, а выпраменьваюцца ў выглядзе нейтральных элементарных часцінак — квантаў. Агульная тэорыя адноснасці А. Эйнштэйна паставіла пад сумненне непахіснасць ньютанаўскай фізікі. Згодна з яго тэорыяй час, прастора і маса з’яўляюцца не фіксаванымі, а адноснымі велічынямі. Людзям, далёкім ад навукі, гэта здавалася пазбаўленым усялякага сэнсу. Тым не менш фізікі абяцалі адкрыць многія таямніцы прыроды і забяспечыць людзей новымі крыніцамі энергіі.
Вынікі даследаванняў у сацыяльных навуках былі больш уражальнымі, чым у новай фізіцы, паколькі яны кінулі выклік віктарыянскай маралі, буржуазным каштоўнасцям і нават самой ідэі заходнееўрапейскай перавагі. Аўстрыйскі псіхіятр З. Фрэйд стварыў тэорыю і тэхніку псіхааналізу. Ён выявіў у чалавечай свядомасці не толькі рацыянальны пачатак, але таксама схаваныя пласты эмоцый і жаданняў, прыглушаных сацыяльнымі абмежаваннямі. Фрэйд пісаў: «Прымітыўныя, дзікія і злосныя імпульсы не зніклі з індывідуума, але працягваюць сваё існаванне, хаця і ў прыглушаным стане». Тым часам сацыёлагі, антраполагі пачалі эмпірычнае вывучэнне грамадстваў, як заходніх, так і незаходніх. Яшчэ напярэдадні вайны французскі сацыёлаг Э. Дзюркгейм прыйшоў да сенсацыйнай тады высновы, што «няма фальшывых рэлігій, усе яны правільныя па-свойму».
Хаця гэтыя ідэі былі выказаны да 1914 г., менавіта досвед Першай сусветнай вайны шмат у чым пацвердзіў іх справядлівасць, паставіўшы пад сумненне веру еўрапейцаў у розум і прагрэс. Калі словы «прымітыўны» і «дзікі» прыдатныя да еўрапейцаў у роўнай ступені, як і да іншых народаў, і калі ўсе рэлігіі ў роўнай ступені правільныя, то што ж застаецца ў выніку ад перавагі заходняй цывілізацыі? Новы падыход да вывучэння чалавечага грамадства быў названы культурным рэлятывізмам па аналогіі з паняццем «адноснасць» у фізічным свеце. Адны прынялі новыя ідэі з энтузіязмам, іншыя асудзілі і адхілілі іх. Самаўпэўненае ўспрыняцце парадку і прагрэсу, характэрнае для еўрапейскай і амерыканскай культуры, пахіснулася.