§ 17. Усталяванне антыдэмакратычных рэжымаў у Еўропе

4. Ідэалогія фашызму

Фашызм — гэта ідэалогія, якая адстойвае перавагу адной групы людзей над іншымі. Расізм, каланіялізм, сацыял-дарвінізм і нацыяналізм у яго праварадыкальнай форме роднасныя фашызму.

Фашызм як пэўная ідэалогія і практыка характарызуецца наступнымі прыкметамі, якія склаліся гістарычна:

  • абгрунтаванне па расавай прыкмеце перавагі і выключнасці адной пануючай нацыі;
  • нецярпімасць і дыскрымінацыя ў адносінах да іншых «чужародных», «варожых» нацый і нацыянальных меншасцей, крайняй формай чаго з’яўляецца генацыд, знішчэнне людзей па прыналежнасці да пэўнай этнічнай групы, антрапалагічных прыкметах;
  • адмаўленне дэмакратыі і правоў чалавека, насаджэнне рэжыму, заснаванага на прынцыпах таталітарна-карпаратыўнай дзяржаўнасці і правадырызму;
  • замацаванне гвалту і тэрору ў мэтах задушэння палітычнага праціўніка і любых форм іншадумства, мілітарызацыя грамадства, стварэнне ваенізаваных фарміраванняў і апраўданне вайны як сродку вырашэння міждзяржаўных праблем;
  • адмаўленне класавай барацьбы і прыгнёт сацыяльных груп на аснове класавага супрацоўніцтва праз карпаратыўную сістэму, у якой прадстаўнікі розных карпарацый у адной сферы (напрыклад, рабочыя і працадаўцы аднаго прадпрыемства) мірна вырашаюць узніклыя канфлікты.

У апошні час робяцца спробы апраўдаць фашызм, звязаўшы яго ўсяго толькі з перыядам праўлення Б. Мусаліні ў Італіі, аддзяліўшы ад германскага нацызму і прадставіўшы больш бяскрыўдным. Але і ў Італіі быў прыняты шэраг расісцкіх законаў у адносінах да эфіопаў, арабаў і яўрэяў. Таму нацызм уяўляе сабой толькі адзін з варыянтаў больш агульнай ідэі ўсталявання іерархіі ў грамадстве, перавагі і гвалту. Фашызм уключае ў сябе нацызм. Акрамя перавагі на нацыянальнай, расавай глебе існуе перавага сацыяльнага статусу, саслоўя, кланавая, карпаратыўная, рэлігійная. У словах песні «Свяшчэнная вайна» перыяду Вялікай Айчыннай вайны фашызм параўноўваўся з «сілай цёмнаю», «нечысцю», «праклятаю ардой», «вырадкам чалавецтва». Пасля Другой сусветнай вайны і Нюрнбергскага працэсу фашызм стаў асацыявацца з сусветным злом.

Акрамя таго, робяцца спробы ўраўнаваць фашызм з камунізмам. Для гэтага была высунута тэорыя таталітарызму. Аднак у СССР абвяшчалася роўнасць усіх людзей — гэта камунізм, а ў Германіі — няроўнасць, іерархія людзей у залежнасці ад іх этнічнай, расавай прыналежнасці — гэта фашызм. Такім чынам, камунізм і фашызм — прама супрацьлеглыя ідэалогіі.

Дзякуючы СССР і савецкай альтэрнатыве фашызм у 1945 г. удалося спыніць. Пасля распаду СССР гэтай альтэрнатывы няма, і фашызм пад іншымі найменнямі адраджаецца.