§ 17. Усталяванне антыдэмакратычных рэжымаў у Еўропе
3. Усталяванне нацысцкага рэжыму ў Германіі
У адрозненне ад іншых еўрапейскіх дзяржаў Германія пасля Першай сусветнай вайны фактычна знаходзілася ў стане пастаяннага эканамічнага і палітычнага крызісу. Эканоміка была падарвана каласальнымі ваеннымі расходамі і рэпарацыямі. Небывалых памераў інфляцыя, беспрацоўе, пачуццё крыўды і нацыянальнай знявагі з-за цяжкіх умоў Версальскага дагавора — усё гэта рабіла палітычную сітуацыю няўстойлівай і прадвызначала папулярнасць нацыяналістычных ідэй, асабліва расісцкай арганізацыі — Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП) на чале з былым франтавіком А. Гітлерам.
Нацысцкая ідэалогія — нацызм — заклікала да рэваншу і да вяртання Германіі належнага месца ў Еўропе і свеце. У капітуляцыі 1918 г. і ва ўсіх бедах, што абрынуліся на нямецкі народ, нацысты вінавацілі сацыял-дэмакратаў, якія ўваходзілі ў склад урада, камуністаў, што ўзначалілі лістападаўскую рэвалюцыю 1918 г., і нават капіталістаў, «падкупленых» краінамі Антанты. Праграма партыі выстаўляла антысеміцкія і патрыятычныя лозунгі. У ёй утрымліваліся патрабаванні экспрапрыяцыі непрацоўных даходаў, перадачы дзяржаве манапалістычных канцэрнаў, дробным гандлярам — універсальных магазінаў, а сялянству — памешчыцкіх зямель. Нацысты абяцалі імгненны выхад з крызісу, ліквідацыю беспрацоўя, а таксама стварэнне «новага парадку» ў свеце на чале з Германіяй, быццам бы несправядліва абдзеленай «жыццёвай прасторай». НСДАП абвясціла немцаў прадстаўнікамі «вышэйшай расы», арыйцамі, надзеленымі правам кіраваць «ніжэйшымі расамі». Па прыкладзе італьянскіх фашыстаў яна яшчэ да прыходу да ўлады стварыла магутныя баявыя групы — штурмавыя атрады.
Сусветны эканамічны крызіс пагаршаў і без таго цяжкае становішча краіны. Германскі ўрад аказаўся не ў стане выплачваць рэпарацыі дзяржавам-пераможцам. Катастрафічна падаў аўтарытэт традыцыйных палітычных партый. Сацыял-дэмакраты і камуністы варагавалі паміж сабой і не змаглі аб’яднацца для сумеснай барацьбы з пагрозай фашызму. Камуністы не хавалі сваёй мэты — усталяванне дыктатуры пралетарыяту. Нямецкія прамыслоўцы, якія панеслі вялізныя страты з-за эканамічнага і палітычнага крызісу ў краіне, мелі патрэбу ў жорсткім кантролі над эканомікай і дзяржавай. У рэшце рэшт яны дамовіліся з Гітлерам, які абяцаў праводзіць «патрэбны курс» у выпадку прыходу да ўлады. Прамыслоўцам нацысты здаваліся меншым злом, чым камуністы. У выніку прэзідэнт П. фон Гіндэнбург 30 студзеня 1933 г. прызначыў Гітлера рэйхсканцлерам (прэм’ер-міністрам). А праз два месяцы НСДАП перамагла на парламенцкіх выбарах.
Расправіўшыся са сваімі палітычнымі праціўнікамі, нацысты ўсталявалі татальны кантроль над грамадствам і эканомікай. Ім удалося хутка вывесці краіну з крызісу, ліквідаваць беспрацоўе і заўважна павысіць узровень жыцця. Пасля гэтага яны пачалі актыўна рыхтавацца да заваявання абяцанай «жыццёвай прасторы». Практычна ўсе галіны прамысловасці працавалі на будучую ваенную экспансію.