§ 14. Расія ў 1917 г.: Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі

4. Фарміраванне савецкай дзяржаўнасці. Прынцыпы нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання

З прыходам да ўлады бальшавікоў пачаў афармляцца новы дзяржаўны апарат. Былі створаны вышэйшыя органы ўлады — Усерасійскі з’езд Саветаў і Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт (УЦВК), які выконваў функцыі паміж пасяджэннямі з’езда. Савет народных камісараў (СНК) стаў вышэйшым органам выканаўчай улады з правам заканадаўчай ініцыятывы. Замест міністэрстваў ствараліся народныя камісарыяты (наркаматы). Саветы абіралі народныя суды і рэвалюцыйныя трыбуналы.

10 студзеня 1918 г. пачаўся III Усерасійскі з’езд Саветаў, на якім Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў аб’ядналіся з Саветамі сялянскіх дэпутатаў. Была абвешчана Расійская Сацыялістычная Федэратыўная Савецкая Рэспубліка. Прайшлі выбары сельскіх і валасных Саветаў.

У снежні 1917 г. была створана Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (УНК) на чале з Ф. Э. Дзяржынскім. Да сярэдзіны 1918 г. — рэгулярная армія. УНК стала галоўным спецыяльным органам па абароне дзяржаўнай бяспекі РСФСР, які займаўся рэпрэсіямі ў адносінах да цэлых сацыяльных груп, прызнаных рэвалюцыянерамі чужымі і варожымі. Ініцыятар стварэння УНК У. І. Ленін называў яе «нашай паражаючай зброяй супраць незлічоных змоў, незлічоных замахаў на савецкую ўладу з боку людзей, якія былі бясконца мацнейшымі за нас». Разам з карнымі мерамі супраць «контррэвалюцыянераў» з 1921 г. у яе функцыі ўваходзіла таксама барацьба з беспрытульнасцю. У лютым 1922 г. УНК была скасавана ў сувязі з перадачай паўнамоцтваў Дзяржаўнаму палітычнаму ўпраўленню (ДПУ) пры НКУС РСФСР.

Бальшавікі пазбавілі палітычных правоў буржуазію, памешчыкаў, чыноўнікаў, духавенства і абмежавалі ў правах сялянства. Супрацьстаянне партый сацыялістычнай скіраванасці прывяло да таго, што большасць эсэраў і меншавікоў былі выключаны з УЦВК і мясцовых Саветаў. У 1918—1923 гг. у Савецкай дзяржаве ўсталявалася аднапартыйная сістэма.