§ 14. Расія ў 1917 г.: Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі

3. Захоп улады бальшавікамі

Пасля лютага 1917 г. адбылася перагрупоўка палітычных сіл. Правыя (чарнасоценцы, акцябрысты) перажывалі востры крызіс. Кіруючай стала буржуазная партыя кадэтаў, якая заняла ключавыя пазіцыі ў Часовым урадзе і цяпер выступала за ўсталяванне ў Расіі парламенцкай рэспублікі і працяг вайны да перамогі. Узраслі колькасць і ўплыў умераных сацыялістаў — эсэраў (800 тыс.) і меншавікоў (200 тыс.), якіх была большасць у Саветах і якія салідарызаваліся з Часовым урадам. Бальшавікі былі аслабленыя і нешматлікія (каля 24 тыс.).

У сацыяльна-эканамічнай сферы Часовы ўрад не прыняў ніякіх рашэнняў. Выбары ва Устаноўчы сход зацягваліся. Бессэнсоўная для Расіі вайна працягвалася, паколькі ўрад імкнуўся выканаць міжнародныя пагадненні і давесці яе да перамогі. З красавіка 1917 г. Часовы ўрад уступіў у перыяд зацяжных крызісаў.

У пачатку красавіка 1917 г. са Швейцарыі ў Расію вярнуўся лідар бальшавікоў У. І. Ленін. Пад яго ўплывам бальшавікі ўзялі курс на сацыялістычную рэвалюцыю, паколькі ранейшы курс на «завяршэнне буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі» не адпавядаў новай палітычнай сітуацыі. «Своеасаблівасць бягучага моманту ў Расіі», паводле Леніна, заключалася ў крызісе Часовага ўрада, у негатоўнасці буржуазных і ўмераных сацыялістычных партый вырашаць надзённыя сацыяльныя пытанні — аграрнае, нацыянальнае, рабочае, — а таксама ў няздольнасці кіруючых вярхоў скончыць сусветную вайну, якая абяскровіла народ. Буржуазія была зацікаўлена ў захаванні буйнога прыватнага землеўладання, у працягу прыбытковай і выгаднай для яе ў выпадку перамогі вайны (гандлёвыя прывілеі, кантроль над пралівамі Басфор і Дарданелы), што было магчыма пры захаванні ўсіх міжнародных дамоўленасцей.

Краіны Антанты аказвалі ціск на кіруючыя колы Расіі, каб утрымаць рускіх салдат на фронце. Такая пазіцыя расійскага ўрада разыходзілася з чаканнямі мас і адкрывала шлях да ўлады для бальшавікоў. У «Красавіцкіх тэзісах» У. І. Ленін запатрабаваў у духу народных чаканняў нацыяналізацыі ўсёй зямлі ў краіне і завяршэння вайны. Нацыяналізацыю зямлі прадугледжвалася ажыццявіць шляхам мірнага пераходу дзяржаўнай улады да Саветаў, якія павінны былі перайсці пад бальшавіцкі кантроль.

У чэрвені 1917 г. прайшлі масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі «Уся ўлада Саветам!» і «Далоў вайну!». У ліпені рускія войскі на Паўднёва-Заходнім фронце атрымалі скрышальнае паражэнне. У Петраградзе пачаліся стыхійныя дэманстрацыі ўзброеных салдат і рабочых з патрабаваннем перадачы ўлады Саветам. Аднак правінцыя была не гатова падтрымаць сталіцу. РСДРП(б) не ўдалося прадухіліць сутыкненні дэманстрантаў з урадавымі сіламі, 56 чалавек было забіта, 650 паранена. У Петраградзе было абвешчана ваеннае становішча, закрыта бальшавіцкая газета «Праўда», Леніну пагражаў арышт. Улада сканцэнтравалася ў руках Часовага ўрада, які ў канцы ліпеня ўзначаліў А. Ф. Керанскі.

Эканамічны і палітычны крызіс узмацніўся, вайна працягвалася, армія выходзіла з паслушэнства камандавання, пачалося дэзерцірства. У канцы ліпеня — пачатку жніўня бальшавікі на VI з’ездзе абвясцілі курс на ўзброены захоп улады.

Перад Часовым урадам стаяла складаная задача не дапусціць спаўзання краіны да грамадзянскай вайны. З гэтай мэтай ён паспрабаваў згуртаваць усе праўладныя сілы. У жніўні ён склікаў у Маскве Дзяржаўную нараду з удзелам прадстаўнікоў арміі, палітычных і грамадскіх арганізацый, дэпутатаў усіх Дзяржаўных дум. Бальшавікі байкатавалі нараду і ў дзень яе адкрыцця — 12 жніўня — арганізавалі ў Маскве масавую забастоўку. На нарадзе з рэзкай крытыкай урада выступіў Вярховны галоўнакамандуючы генерал Л. Г. Карнілаў. Для навядзення парадку ў краіне ён прапанаваў неадкладна прыняць рашучыя меры, ажно да ўвядзення дыктатуры.

23 жніўня ўрад давёў да ведама Л. Г. Карнілава, які знаходзіўся ў Стаўцы Вярхоўнага камандавання ў Магілёве, інфармацыю аб сваёй гатоўнасці да рашучых мер. Пасля гэтага было прынята сумеснае рашэнне аб перакідцы да Петраграда асобных вайсковых часцей. Калі кавалерыйскі корпус генерала А. М. Крымава рушыў, Керанскі спужаўся ўзмацнення вайскоўцаў. Ён не без падстаў лічыў, што не яго, а Карнілава яны захочуць бачыць на пасадзе дыктатара. 27 жніўня Керанскі абвінаваціў Карнілава ў тым, што той патрабаваў перадаць яму ўсю паўнату ўлады, і аб’явіў яго здраднікам.

Карнілаў загадаў арміі рухацца далей на Петраград. Аднак выступленне генерала Карнілава было сарвана, 30 жніўня яго войскі былі спынены практычна без адзінага стрэлу. Вялікую ролю ў мабілізацыі насельніцтва на барацьбу з Карнілавым адыгралі бальшавікі.

Такім чынам, спроба ўсталявання ваеннай дыктатуры скончылася няўдачай. Генерал Карнілаў быў арыштаваны. Яго выступленне ўрад назваў мецяжом. Вярхоўным галоўнакамандуючым стаў Керанскі. Першага верасня 1917 г. Часовы ўрад абвясціў Расію рэспублікай, не чакаючы склікання Устаноўчага сходу.

А. Ф. Керанскаму ўдалося сфарміраваць новы кааліцыйны ўрад лібералаў і левых. Страціўшы падтрымку правых, ён апынуўся пад пагрозай удару з боку бальшавікоў, колькасць якіх узрасла да 350 тыс. і да якіх паступова стала пераходзіць кіраванне Саветамі. РСДРП(б) мела ваенную арганізацыю для працы ў арміі і кантралявала ўзброеныя атрады Чырвонай гвардыі (каля 100 тыс.). Колькасць меншавікоў і эсэраў значна знізілася.

Пасля вяртання ў Петраград У. І. Леніна ЦК РСДРП(б) прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзброенага паўстання. Створаны бальшавікамі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт 24 кастрычніка 1917 г. у складзе рабочых-чырвонагвардзейцаў, салдат і матросаў пачаў займаць вакзалы, масты, тэлеграф, электрастанцыі. Уначы 26 кастрычніка бальшавікі захапілі Зімовы палац. Часовы ўрад быў арыштаваны.

На Другім з’ездзе Саветаў, які пакінулі многія меншавікі і эсэры, 26 кастрычніка былі прыняты Дэкрэт аб міры і Дэкрэт аб зямлі. Быў сфарміраваны ўрад — Савет народных камісараў пад старшынствам У. І. Леніна. Наркамам замежных спраў стаў Л. Д. Троцкі, наркамам па справах нацыянальнасцей — І. В. Сталін.

Савецкая ўлада стала замацоўвацца на месцах як мірным, так і ўзброеным шляхам. Да канца сакавіка 1918 г. асноўная частка тэрыторыі былой Расійскай імперыі і армія перайшлі пад кантроль Саветаў.

Дыскусійным з’яўляецца пытанне аб легітымнасці савецкай улады. У сувязі з гэтым варта падкрэсліць, што легальнасць улады ў Расіі была перарвана яшчэ ў лютым 1917 г. Часовы ўрад у прынцыпе не меў прававых падстаў выстаўляць сябе ў якасці вышэйшай дзяржаўнай улады, бо 26 лютага імператарскім указам дзейнасць Дзяржаўнай думы была прыпынена. У гэтых умовах на неафіцыйнай, «прыватнай» нарадзе шэрагу думскіх фракцый лідар кадэтаў П. М. Мілюкоў выступіў з ініцыятывай стварэння Часовага камітэта для забеспячэння камунікацыі з асобамі і арганізацыямі. Часовы камітэт Дзяржаўнай думы — заканадаўчы орган — праз некалькі дзён быў ператвораны ў Часовы ўрад — орган выканаўчай улады. Камітэт не меў права выступаць ад імя ўсёй Думы, паколькі значнае месца ў ёй займала манархічнае крыло, з якім не было і не магло быць ніякіх дамоўленасцей. Акрамя таго, «прыватная нарада» была праведзена без неабходнага кворуму і выканання неабходных працэдур. Ва ўсім гэтым няма нічога незвычайнага, бо ва ўмовах рэвалюцыйных падзей, калі зараджаецца новая ўлада, падобнае «парушэнне старых законаў» — з’ява цалкам заканамерная.

У якасці доказу нелегітымнасці Кастрычніцкай рэвалюцыі многія ўдзельнікі дыскусіі часта спасылаюцца на вынікі выбараў ва Устаноўчы сход. Сапраўды, на выбарах, што адбыліся ў лістападзе 1917 г., большасць галасоў атрымалі эсэры (каля 40 %). Бальшавікі занялі другое месца (24 %). У той жа час яны са значнай перавагай лідзіравалі ў губернскіх гарадах і вайсковых гарнізонах. Сяляне і насельніцтва дробных гарадоў прагаласавалі ў асноўным за эсэраў.

Бальшавікі не хавалі, што прыйшлі да ўлады ад імя Другога з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Канстытуцыя РСФСР 1918 г. вызначала новую ўладу як дыктатуру гарадскога і сельскага пралетарыяту і бяднейшага сялянства. З гэтых пазіцый усталяваны Кастрычніцкай рэвалюцыяй палітычны рэжым быў цалкам легітымны, паколькі быў падтрыманы той часткай насельніцтва, ад імя якой і выступаў. У Канстытуцыі СССР 1936 г. Савецкі Саюз ужо вызначаўся як дзяржава рабочых і сялян. Канстытуцыя СССР 1977 г. давала характарыстыку савецкай дзяржавы як агульнанароднай. Гэтыя змены адлюстроўвалі рэальны працэс эвалюцыі сістэмы легітымнасці савецкай дзяржавы.