§ 13. Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін

3. Вынікі Парыжскай мірнай канферэнцыі для пераможаных

У ходзе напружанай барацьбы на канферэнцыі былі ўзгоднены ўмовы міру з Германіяй.

Згодна з Версальскім мірным дагаворам, падпісаным 28 чэрвеня 1919 г., Германія страціла не толькі ўсе свае калоніі, па плошчы не вельмі значныя, але і ўласна нямецкія землі. Эльзас і Латарынгія вярталіся Францыі, акругі Эйпен, Мальмедзі і Маранэ перадаваліся Бельгіі, Паўночны Шлезвіг — Даніі. Тэрыторыя Германіі па левым беразе Рэйна і па правым яго беразе на глыбіню 50 км станавілася Рэйнскай дэмілітарызаванай зонай. У ёй забаранялася трымаць войскі, праводзіць ваенныя манеўры і будаваць умацаванні. Германіі было забаронена мець танкавыя злучэнні і ваенна-паветраны флот. Яна павінна была адмяніць усеагульную воінскую павіннасць, ёй было дазволена мець толькі наёмнае войска. Дагавор абмяжоўваў колькасць нямецкай арміі да 100 тыс. чалавек. Германіі забараняліся вытворчасць цяжкіх узбраенняў і будаўніцтва буйных баявых караблёў. Паводле дагавора Германія абвяшчалася адзінай віноўніцай развязвання Першай сусветнай вайны. На гэтай падставе яна павінна была выплаціць вялізныя рэпарацыі на карысць пераможцаў. Пазней усталяваная сума рэпарацый была роўнай 132 млрд марак.

Германскія землі на захад ад Рэйна падпадалі пад акупацыю саюзніцкімі арміямі на тэрмін ад 5 до 15 гадоў. Саарскі вугальны басейн пераходзіў ва ўласнасць Францыі, а Саарская вобласць на 15 гадоў перадавалася пад кіраванне Лігі Нацый. Германія прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Люксембурга. Да Польшчы адыходзіла значная частка Памераніі, Познані, Заходняй і Усходняй Прусіі, Верхняй Сілезіі. Данцыг (Гданьск) ператвараўся ў «вольны горад» пад кіраваннем Лігі Нацый. Такім чынам, Усходняя Прусія аддзялялася ад Германіі «данцыгскім калідорам». Мемель (Клайпеда) і прылеглыя раёны перадаваліся пад кантроль Лігі Нацый і ў 1923 г. былі ўключаны ў склад Літвы. Да Чэхаславакіі адыходзіла частка тэрыторыі Сілезіі. Эльба, Одэр, Нёман, Дунай і Кільскі канал абвяшчаліся адкрытымі для замежных дзяржаў. Германскія калоніі былі падзелены ў выглядзе мандатаў (права на кіраванне) у асноўным паміж Францыяй, Англіяй, Бельгіяй, Партугаліяй і Японіяй.

Акрамя Версальскага мірнага дагавора ў 1919—1923 гг. былі падпісаны дагаворы з былымі саюзнікамі Германіі — Аўстрыяй, Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй.

Сен-Жэрменскі дагавор паміж Антантай і Аўстрыяй узаконьваў распад Аўстра-Венгрыі і ўтварэнне Аўстрыі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Апошняе ў 1929 г. было ператворана ў Югаславію. Межы Аўстрыі былі вызначаны без уліку інтарэсаў суседніх дзяржаў. Дагавор пацвярджаў умовы Версальскага міру аб забароне аншлюсу (далучэння) Аўстрыі да Германіі. Паводле дагавора Аўстрыя абмяжоўвала свае ўзброеныя сілы і выплачвала рэпарацыі.

Нёйіскі дагавор, заключаны ў прыгарадзе Парыжа Нёйі-сюр-Сен, паміж краінамі Антанты і Балгарыяй, прадугледжваў рэпарацыі, скарачэнне ўзбраенняў і тэрытарыяльныя саступкі Румыніі і Каралеўству. Тэрыторыя Балгарыі значна зменшылася на карысць Грэцыі, Румыніі і Югаславіі. Узброеныя сілы рэзка скарачаліся, прадугледжвалася таксама выплата кантрыбуцыі.

Трыянонскі дагавор, заключаны ў Вялікім Трыянонскім палацы Версаля, пазбаўляў Венгрыю шэрагу тэрыторый на карысць Каралеўства, Румыніі, Чэхаславакіі і Аўстрыі. Тэрыторыя Венгрыі скарацілася ў тры разы — фактычна на 75 %. Венгрыя таксама значна змяншала ўзброеныя сілы і несла цяжар рэпарацый.

Сеўрскі дагавор, названы па горадзе на беразе Сены паблізу Парыжа, паміж краінамі Антанты і Турцыяй узаконіў распад і падзел Асманскай імперыі. Дагавор па сутнасці прадугледжваў падзел асноўных турэцкіх тэрыторый і ўсталяванне кантролю саюзнікаў над чарнаморскімі пралівамі. Аднак умовы Сеўрскага дагавора не былі рэалізаваны з-за перамогі нацыянальнай рэвалюцыі ў Турцыі. У выніку працы канферэнцыі ў Лазане ў 1923 г. быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор, які вызначыў пасляваенныя межы Турцыі і прызнаў яе незалежнасць.

Такім чынам, Першая сусветная вайна цалкам змяніла карту свету. Распаліся магутныя імперыі — Аўстра-Венгерская і Асманская. З’явіліся новыя дзяржавы: Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Латвія, Літва, Эстонія і Фінляндыя. Аўстрыя і Германія сталі рэспублікамі. Калоніі пераможаных краін, якія раней належалі Германіі і Асманскай імперыі, перадаваліся Вялікабрытаніі і Францыі.

Сур’ёзныя праблемы ў будучыні былі перадвызначаны ўсталяваннем межаў Югаславіі. У рамках адной дзяржавы апынуліся народы, якія адносіліся да дзвюх розных рэлігій — хрысціянства (праваслаўнай і каталіцкай канфесій) і ісламу, узнікла праблема нацыянальных меншасцей.

У міжнароднай ізаляцыі апынулася Савецкая Расія, якая заявіла аб імкненні да сусветнай рэвалюцыі і ліквідацыі капіталізму.