§ 12. Першая сусветная вайна і яе вынікі
4. Вайна і грамадства
Першапачаткова вайна выклікала хвалю патрыятычных настрояў практычна ва ўсіх ваюючых краінах. Усім здавалася, што яна мае абарончы характар. Ніхто не думаў, што баявыя дзеянні зацягнуцца на доўгія чатыры гады. Але ўжо ў хуткім часе ў ваюючых краінах усё больш сталі адчувацца адмоўныя вынікі страшнай і разбуральнай вайны: гінулі мільёны людзей, пагаршалася эканамічнае становішча.
Пасля правалу стратэгіі бліцкрыгу і ўступлення вайны ў зацяжную фазу нямецкая эканоміка пачала працаваць з перабоямі. Прыпынілася грамадзянская прамысловая вытворчасць. З лютага 1915 г. у Германіі было ўведзена строгае размеркаванне прадуктаў харчавання, а ў 1916 г. — картачная сістэма. Зіма 1916—1917 гг. стала асабліва цяжкай. Немцы назвалі яе «бручкавай», паколькі з-за неўраджаю бульбы бручка стала асноўным прадуктам харчавання. Сучасніца пісала ў сваім дзённіку: «Мы галадаем… усяго 90 г тлушчу, 150 г мяса, 2000 г хлеба і адно яйка на тыдзень». У гарадах раз-пораз успыхвалі «галодныя бунты» і беспарадкі.
У 1916 г. у Германіі быў прыняты закон аб абавязковай працоўнай павіннасці для мужчын ад 17 до 60 гадоў. На ваенных заводах шырока выкарыстоўвалася жаночая і дзіцячая праца. З кожным годам ваенная прамысловасць адчувала ўсё большы дэфіцыт сыравіны і матэрыялаў.
Увосень 1916 г. і ў Расіі насельніцтва ўпершыню адчула цяжар вайны. Было мабілізавана 15 млн чалавек — каля 40 % працаздольных мужчын — і рэквізавана 2,5 млн коней. Пасяўныя плошчы зменшыліся на 12 %, збор хлеба — на 20 %, скараціліся пасевы бульбы. У 31 губерні была ўведзена харчразвёрстка. Пачаліся забастоўкі, антываенныя хваляванні ў вёсцы, у арміі, на ўскраінах. Вайна запатрабавала вялізных фінансавых выдаткаў, якія аплачаліся за кошт унутраных і знешніх (Англія і Францыя) пазык пад вялікія працэнты. Дзяржаўны доўг у параўнанні з даваенным узроўнем узрос у 4 разы. Цэны на асноўныя прадукты харчавання павысіліся ў 4—5 разоў. І ўсё же сітуацыя з харчаваннем у Расіі была нашмат лепшай, чым у Германіі. Сярэднямесячная зарплата рабочага ў 1917 г. дазваляла яму купіць 19 кг каровінага масла, або 62 кг мяса, або 735 кг нармальнага жытняга хлеба. З усіх слаёў расійскага грамадства ў найменшй ступені пацярпела буржуазія. Яна нажывалася на вайне, утрая даражэй прадаючы боепрыпасы і абмундзіраванне арміі.
У Вялікабрытаніі кіраванне прамысловасцю, якая выконвала заказы ваенных ведамстваў, перайшло да міністэрства абароны. Спецыяльны закон прадугледжваў усталяванне дзяржаўнага кантролю над вытворчасцю, транспартам, прэсай, а таксама забарону забастовак. У 1916 г. парламент прыняў закон аб абавязковай воінскай павіннасці (да гэтага армія фарміравалася на добраахвотнай аснове).
Пасля таго як Германія пачала неабмежаваную падводную вайну супраць Вялікабрытаніі з мэтай перарэзаць харчовы імпарт, сітуацыя ў краіне стала хутка пагаршацца. Па сведчанні сучасніка, у Лондане бульбу купіць было амаль немагчыма, цукар знік зусім. Харчовае пытанне з’яўлялася пытаннем выжывання краіны ва ўмовах ваеннага часу. Урад прыняў рашучыя меры — зрабіў больш жорсткім пакаранне для прыватных асоб, якія скуплялі прадукты ў вялікіх аб’ёмах, увёў прадуктовыя карткі, усяляк заахвочваў фермераў. Усё гэта прынесла адчувальныя вынікі. Акрамя таго, ужо да канца 1917 г. была зніжана «падводная пагроза», што дазволіла наладзіць дастаўку прадуктаў харчавання. У выніку Вялікабрытанія пазбегла голаду ў агульнанацыянальным маштабе.
У Францыі эканоміка таксама аказалася непадрыхтаванай да зацяжной вайны. У 1916 г. становішча ў краіне моцна пагоршылася. Вытворчасць збожжа скарацілася да 58 млн тон (пры патрэбе 68 млн тон). Абмежаванне імпарту ў сувязі з вайной спарадзіла крызіс практычна ва ўсіх галінах эканомікі, які суправаджаўся нарастаннем стачачнай барацьбы працоўных. Пагаршэнне матэрыяльнага становішча насельніцтва, рост антываенных настрояў выклікалі ў краіне яшчэ большае абвастрэнне палітычнага крызісу. У лістападзе 1917 г. урад узначаліў Ж. Клемансо, які ўсталяваў рэжым дыктатуры ваеннага часу.
Занепакоеныя развіццём падзей, некаторыя выдатныя дзяржаўныя дзеячы шэрагу краін выступілі з за’явамі аб неабходнасці міру. Аднак у 1917 г. прыхільнікі вайны — буйныя манапалісты, палітыкі і вайскоўцы — атрымалі перамогу, і перамовы не адбыліся.