§ 12. Першая сусветная вайна і яе вынікі
3. ЗША ў Першай сусветнай вайне. Завяршальны этап вайны (1917—1918)
Пасля пачатку вайны ЗША доўгі час захоўвалі нейтралітэт, матывуючы яго сваёй знешняй міралюбнай палітыкай. У сапраўднасці такая пазіцыя не азначала, што яны не рыхтаваліся да ўдзелу ў буйнейшым міжнародным канфлікце, проста Злучаныя Штаты чакалі зручнага моманту. Ім было выгадна аслабленне ўсіх буйнейшых дзяржаў — удзельніц сусветнай вайны, бо галоўная мэта ЗША заключалася ва ўсталяванні іх вяршэнства ў Еўропе, прычым найбольш бяскроўным чынам, у адрозненне ад іх канкурэнтаў, якія рабілі гэта з дапамогай зброі.
У якасці нагоды для ўступлення ў сусветны канфлікт ЗША выкарысталі падводную вайну, якую Германія аб’явіла спачатку брытанцам, а пасля ўсім астатнім саюзнікам. Сёмага мая 1915 г. нямецкія падводныя лодкі патапілі недалёка ад берагоў Вялікабрытаніі брытанскі трансатлантычны пасажырскі параход «Лузітанія», на борце якога знаходзілася больш за сто амерыканскіх грамадзян. Гэтая трагічная падзея моцна змяніла грамадскае меркаванне амерыканцаў наконт уступлення ў вайну. У пачатку 1917 г. нямецкія падводнікі патапілі некалькі амерыканскіх караблёў. У адказ Кангрэс Злучаных Штатаў 6 красавіка 1917 г. аб’явіў аб пачатку ваенных дзеянняў супраць Германіі.
Па вайсковым прызыве ў ЗША быў мабілізаваны 1 млн чалавек. Амерыканскія салдаты прынялі ўдзел у баях на еўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў. Усяго Злучаныя Штаты страцілі ў баявых дзеяннях больш за 100 тыс. чалавек. Але галоўнай была эканамічная дапамога саюзнікам. За гады вайны ЗША ператварыліся ў буйнейшага крэдытора Англіі і Францыі. З уступленнем ЗША ў вайну ў Германіі і яе саюзнікаў не засталося шанцаў на перамогу.
У 1917 г. на Заходнім фронце германскае камандаванне прытрымлівалася абароннай тактыкі. Аднак ваенныя дзеянні Антанты ў цэлым былі беспаспяховымі. Веснавое наступленне французскіх войскаў у раёне г. Араса завяршылася іх поўным разгромам, страты саюзнікаў склалі звыш 200 тыс. чалавек. Чэрвеньскае наступленне рускай арміі, або «наступленне Керанскага», на львоўскім накірунку таксама было няўдалым з-за рэзкага падзення дысцыпліны ў рускіх войсках. Гэта было апошняе наступленне рускай арміі ў Першай сусветнай вайне. Пацярпела паражэнне восенню пры Капарэта і італьянская армія (больш за 130 тыс. салдат забіта або паранена).
Вялізны ўплыў на развіццё падзей зрабіла Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі. Урад Савецкай Расіі заклікаў ваюючыя бакі спыніць вайну і заключыць мір без анексій і кантрыбуцый. Краіны Антанты адмовіліся весці перамовы аб міры. Германія і Аўстра-Венгрыя згадзіліся на мірныя перамовы, якія пачаліся ў снежні 1917 г. Трэцяга сакавіка 1918 г. у Брэст-Літоўску бальшавіцкі ўрад падпісаў рабаўніцкі мір з Германіяй і яе саюзнікамі, па якім Расія губляла каля 1 млн км2 тэрыторыі.
Ва ўмовах адсутнасці Усходняга фронту германскае камандаванне зладзіла ў сакавіку — чэрвені 1918 г. чатыры контрнаступленні. Задача заключалася ў тым, каб разбіць англа-французскія войскі да прыбыцця буйнога падмацавання з ЗША. Нямецкія войскі мелі частковы поспех, коштам вялікіх страт яны прасунуліся на адлегласць у 70 км ад Парыжа, але дасягнуць стратэгічнай мэты — разграміць сілы Антанты — не здолелі.
У ліпені 1918 г. пачалося контрнаступленне французскіх, а затым і саюзных войскаў. Нямецкія войскі выціскаліся з тэрыторыі Францыі. Завяршаючым акордам Першай сусветнай вайны стала верасеньскае генеральнае наступленне франка-амерыканскіх войскаў па ўсім Заходнім фронце. Пачалося разлажэнне нямецкай арміі, накшталт таго, як гэта адбылося з расійскай арміяй пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Германскі ўрад звярнуўся да прэзідэнта Вільсана з просьбай аб перамір’і. Адказ зацягнуўся на месяц, на працягу якога краіны — саюзніцы Германіі адна за адной выходзілі з вайны. Спачатку запрасіла перамір’я Балгарыя, затым капітулявала Турцыя. На шэраг незалежных нацыянальных дзяржаў развалілася Аўстра-Венгерская імперыя. У Германіі 9 лістапада адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, якая скінула манархію, пасля чаго краіна была аб’яўлена рэспублікай. У выніку 11 лістапада 1918 г. германская дэлегацыя падпісала ў Камп’енскім лесе пагадненне аб поўным спыненні ваенных дзеянняў. Першая сусветная вайна скончылася.