§ 12. Першая сусветная вайна і яе вынікі
2. Заходні і Усходні франты
28 ліпеня 1914 г. Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Ваенны стратэгічны план Германіі, распрацаваны яшчэ ў 1905 г. пад кіраўніцтвам генерала А. Шліфена, прадугледжваў кароткачасовую «маланкавую вайну» на Заходнім фронце. Галоўным для нямецкага камандавання было не дапусціць вайны на два франты, таму Германія ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала ад Расіі прыпыніць мабілізацыю і, не дачакаўшыся адказу, аб’явіла ёй вайну 1 жніўня 1914 г. Затым прад’явіла ўльтыматум Бельгіі, запатрабаваўшы бесперашкоднага праходу для сваіх войскаў да французскай мяжы. Трэцяга жніўня была аб’яўлена вайна Францыі. Як толькі нямецкія войскі перайшлі бельгійскую мяжу, Вялікабрытанія аб’явіла 4 жніўня вайну Германіі, што для Вільгельма II было абсалютнай нечаканасцю. Праз два дні вайну Расіі і Бельгіі аб’явіла Аўстра-Венгрыя.
Расія пачала ваенныя дзеянні і захапіла амаль усю Усходнюю Прусію, не скончыўшы мабілізацыю. Немцам давялося здымаць войскі з Заходняга фронту, Парыж быў выратаваны ад немцаў, хаця рускія войскі ў выніку былі разбітыя. Германіі давялося ваяваць на два франты, план «маланкавай вайны» праваліўся.
Адначасова з Усходне-прускай аперацыяй разгортвалася Галіцыйская бітва (жнівень — верасень 1914 г.). Руская армія захапіла Львоў, аднак для далейшага прасоўвання на Кракаў не хапала мабілізацыйных рэсурсаў і боепрыпасаў. Праблема з боепрыпасамі ў рускай арміі была вырашана толькі ў 1916 г. Пасля Галіцыйскай бітвы ў сувязі з вялізнымі стратамі войскі Аўстра-Венгрыі на доўгі час страцілі баяздольнасць.
У ходзе Варшаўска-Івангародскай і Лодзінскай аперацый у кастрычніку — лістападзе 1914 г. пагроза ўварвання рускай арміі ў Германію была знята, фронт зафіксаваны на польскай тэрыторыі. У выніку кампаніі 1914 г. намецілася перавага на карысць Антанты, але праціўнікі былі абяскроўленыя і перайшлі да пазіцыйнай вайны.
У вайну на баку Германіі ў кастрычніку 1914 г. уступіла Турцыя, у верасні 1915 г. — Балгарыя, у красавіку 1915 г. — Італія. Утварыліся новыя франты ў Закаўказзі, Месапатаміі, Сірыі, Дарданелах і на поўдні Еўропы.
Саюзніцкія абавязацельствы паміж Асманскай імперыяй, Германіяй і Аўстра-Венгрыяй у выпадку вайны ў Еўропе былі ўсталяваны тайным германа-турэцкім пагадненнем ад 20 ліпеня 1914 г. Істотнае значэнне для ходу вайны мела прысутнасць у зоне баявых дзеянняў хрысціянскага насельніцтва (армяне, асірыйцы), якое варожа ставілася да турэцкіх улад. У канцы 1914 — пачатку 1915 г. рускай Каўказскай арміі ўдалося сарваць планы Асманскай імперыі па захопе Паўночнай Персіі і расійскага Закаўказзя. Туркі захапілі Тэбрыз, але не змаглі яго ўтрымаць. Пад ударамі рускіх войскаў яны былі выціснуты з Персіі, пасля чаго баявыя дзеянні перайшлі на турэцкую тэрыторыю. Ваенныя дзеянні 1915—1916 гг. прывялі да далейшага прасоўвання рускіх войскаў углыб асманскай тэрыторыі.
Баявыя дзеянні ў ходзе вайны на Каўказскім фронце суправаджаліся рэзкім абвастрэннем міжканфесійных і міжэтнічных адносін на тэрыторыі Асманскай імперыі, што вылілася ў арганізаванае турэцкімі ўладамі масавае знішчэнне і дэпартацыю хрысціянскага насельніцтва (генацыд армянаў, асірыйцаў, пантыйскіх грэкаў).
У кампаніі 1915 г. Германія сканцэнтравала ўсе войскі на рускім фронце з мэтай вывесці Расію з вайны, паколькі ваяваць на два франты яна не мела дастатковай моцы. У пачатку 1915 г. у яе была значная перавага над Расіяй у тэхніцы: у 2,5 разы ў кулямётах, у 4,5 разы ў лёгкай артылерыі і ў 40 разоў у цяжкай артылерыі. Акрамя гэтага Германія мела разгалінаваную чыгуначную сетку, што забяспечвала манеўранасць нямецкіх войскаў паміж Усходнім і Заходнім франтамі. Да таго ж у нямецкай арміі былі жалезная дысцыпліна і выдатна навучаная пяхота, а Расія сутыкнулася з сур’ёзнымі цяжкасцямі.
Пасля кровапралітных бітваў 1914 г. сур’ёзна пацярпеў кадравы склад салдат і афіцэраў рускай арміі. Страты папаўняліся за кошт кепска навучаных навабранцаў, як правіла, з сялян. Назіраліся праблемы з пастаўкамі ўзбраення і рыштунку. На працягу вайны расійская прамысловасць не здолела забяспечыць патрэбы войскаў у стралковай зброі — вінтоўках і кулямётах. Войскі мелі патрэбу ў боепрыпасах — катастрафічна не хапала вінтовачных патронаў і снарадаў. Урад замаўляў іх за межамі на часта нявыгадных умовах. Расійская кавалерыя, на якую ўскладаліся вялікія спадзяванні, ва ўмовах пазіцыйнай, «акопнай» вайны фактычна аказалася бескарыснай.
У ходзе нямецкага наступлення 1915 г. Расія страціла прамыслова развітыя заходнія правінцыі, што адмоўна адбілася на забеспячэнні 10-мільённай рускай арміі. 25 % лакаматыўнага парку выйшла са строю альбо было захоплена праціўнікам. На Заходнім фронце ішла вялая пазіцыйная вайна, што добра апісана нямецкім пісьменнікам Э. М. Рэмаркам у рамане «На Заходнім фронце без перамен» (1929).
У пачатку 1916 г. немцы актывізавалі свае дзеянні на Заходнім фронце. У выніку знясільваючых баёў у раёне Вердэна (Латарынгія) 21 лютага — 18 снежня 1916 г. абодва бакі страцілі каля 1 млн чалавек. Парыж зноў быў выратаваны рускай арміяй, паколькі ў маі 1916 г. пачалося новае наступленне на Усходнім фронце — Брусілаўскі прарыў, наступальная аперацыя рускіх войскаў пад камандаваннем А. А. Брусілава.
Між тым у лютым 1917 г. Германія разгарнула неабмежаваную падводную вайну супраць Вялікабрытаніі з мэтай знішчэння брытанскага гандлю, каб замарыць брытанцаў голадам, паколькі краіна ў вялікай ступені залежала ад імпарту прадуктаў харчавання. Нямецкія падводныя лодкі дзейнічалі вельмі паспяхова і нанеслі значную шкоду брытанскаму ваенна-марскому флоту. Гэтыя абставіны паскорылі ўступленне ў вайну Злучаных Штатаў.