§ 11. Навука, літаратура і мастацтва ў XIX ст.

3. «Эпоха канца стагоддзя»

Пад такой назвай увайшоў у гісторыю перыяд у развіцці еўрапейскай культуры ад франка-прускай вайны 1870—1871 гг. да Першай сусветнай вайны. Гэта быў час крызісу многіх каштоўнасцей, народжаных эпохай Асветніцтва. Еўрапейскія мысліцелі больш трагічна ўспрымалі навакольны свет, прадчуваючы будучыя сацыяльныя ўзрушэнні і сусветныя войны. Таксама гэты перыяд еўрапейскай гісторыі называюць Пекнай эпохай (Бель эпок), што характарызуецца эканамічным ростам, росквітам навукі і мастацтва, якія былі перапынены вайной.

Індустрыялізацыя выклікала шмат новых з’яў і праблем. Па меры ўскладнення сацыяльнага быцця і паскарэння жыццёвых рытмаў у людзей з’явілася адчуванне страты трываласці і стабільнасці. Пашыраліся песімістычныя настроі, ідэалізацыя мінулага і непрыняцце ўсяго новага. Гэта паслужыла пажыўным асяроддзем для ірацыяналізму, містыкі, нявер’я ў прагрэс. У той жа час поспехі ў сферы навукі, тэхнікі і матэрыяльнай вытворчасці стваралі аснову для нязлом нага аптымізму, веры ў прагрэс і магчымасць вырашэння ўсіх пытанняў з дапамогай навукі і розуму. Вынікамі такіх настрояў сталі культ сілы, цяга да буржуазнага прадпрымальніцтва, адмаўленне ад многіх традыцый і каштоўнасцей. Адлюстроўваючы настрой думак эпохі, мастацкая творчасць падзялілася на дзве плыні — сімвалізм і футурызм.

Сімвалізм адна з найбольш устойлівых плыняў у мастацтве і літаратуры Заходняй Еўропы канца ХIХ ст. Яго прызнаным лідарам з’яўляўся С. Малармэ. Галоўная каштоўнасць для сімвалістаў — неспазнанае, якое хаваецца як у самім чалавеку, так і ў навакольным свеце. Менавіта яно і з’яўляецца жаданым аб’ектам выяўлення. Яго немагчыма растлумачыць з пазіцый розуму, а можна выказаць толькі ў туманных сімвалах — знаках і вобразах. Сімвалісты былі ўпэўненыя ў бяссіллі розуму. Мастакі-сімвалісты нярэдка малявалі на палотнах фантастычны страшны свет сваіх уяўленняў як бачнае адлюстраванне падсвядомасці. Некаторыя крытыкі сімвалізму назвалі такі падыход да адлюстравання ўнутранага і вонкавага свету чалавека дэкадансам — упадніцкай культурай. Паняцце дэкадансу распаўсюдзілася і на іншыя падобныя плыні. Буйнейшымі прадстаўнікамі сімвалізму былі французскі мастак А. Рэдон, бельгійскія паэты і драматургі Э. Верхарн, М. Метэрлінк, англійскі пісьменнік О. Уайльд.

Адным з кірункаў дэкадансу з’яўляўся таксама натуралізм. Ён адлюстроўваў пратэст супраць мастацтва, якое ўсё прыхарошвае. Выдатным прадстаўніком натуралізму быў Э. Заля, які ў сваіх раманах распаўсюдзіў законы прыроды на грамадства.

Пад уплывам сімвалізму ў еўрапейскім і амерыканскім мастацтве канца XIX — пачатку XX ст. сфарміраваўся мадэрн. Яго аснову складала ідэя сінтэзу розных мастацкіх стыляў. Ідэалам падобнага сінтэзу лічылася архітэктура. Невыпадкова наватарамі ў сферы мадэрну выступілі архітэктары — В. Арта і А. ван дэ Вельдэ ў Бельгіі і А. Гаўдзі ў Іспаніі. У розных краінах мадэрн праяўляўся па-свойму і меў розныя назвы: у Францыі — ар-нуво, у Германіі — югендстыль, у ЗША — тыфані, у Расіі — мадэрн і г. д. У рамках мадэрну атрымалі шырокае распаўсюджанне кніжная і часопісная графіка, афіша і плакат (А. Тулуз-Латрэк у Францыі).

Пачатак ХХ ст. характарызуецца пераглядам класічных традыцый у мастацтве. З’явілася вялікая колькасць стыляў, якія адрозніваліся імкненнем да новых рашэнняў у рэалізацыі творчых ідэй. Амаль усе новыя кірункі мелі нязвыклыя, а часам і экзатычныя назвы: футурызм, сюррэалізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм, кубізм, супрэматызм, фавізм, дадаізм і г. д. Пазней сукупнасць гэтых мастацкіх кірункаў сталі называць авангардным мастацтвам.

Найбольшае распаўсюджанне ў мастацкай творчасці атрымаў футурызм. Футурызм выявіў розныя ідэалагічныя тэндэнцыі: ад прафашысцкіх ідэй (італьянец Г. Д’Анунцыа) да адданасці Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі (У. У. Маякоўскі, В. У. Хлебнікаў). Цэнтральнай тэмай у яго філасофіі і эстэтыцы стаў культ гвалту і сілы. Футурысты апявалі век тэхнікі і гарадской цывілізацыі, адмаўлялі сельскія матывы як увасабленне застою ў мастацтве. Пратэст супраць соннага і манатоннага жыцця выклікаў сімпатыі ў пэўнай часткі інтэлігенцыі, прадстаўнікоў розных плыняў у мастацтве.