§ 11. Навука, літаратура і мастацтва ў XIX ст.

2. Літаратура і мастацтва

Мастацкая культура ў першай палове ХІХ ст. развівалася пад уплывам Французскай рэвалюцыі, ва ўмовах жорсткага і карыслівага індустрыяльнага свету і буржуазнага грамадства. Своеасаблівай творчай рэакцыяй на гэта стаў рамантызм, які склаўся ў канцы ХVIII ст. амаль адначасова ў Германіі, Англіі, Францыі і Расіі. Да 1795 г. адносіцца з’яўленне гэтага тэрміна ў працах нямецкага філосафа Ф. Шлегеля.

У аснове рамантызму знаходзіцца ўяўленне аб супрацьстаянні двух светаў — ідэальнага і рэальнага. Для рамантыкаў ідэал — гэта нешта цудоўнае і дасканалае, але ў той жа час таямнічае, недасягальнае і неспасцігальнае розумам. Рэчаіснасць, наадварот, канкрэтная, нізкая і брыдкая. Паміж ёю і ідэалам — непераадольная бездань. Адсюль і разуменне мэты мастацтва: «Мастацтва не ёсць выяўленне рэчаіснасці, а шуканне ідэальнай праўды» (Ж. Санд). Рэальнаму свету, штодзённаму жыццю і маралі буржуазнага грамадства рамантыкі супрацьпастаўлялі свет паэтычнай мары, культ рыцарства, лідара і правадыра, які накіроўвае цёмную аморфную масу, зліццё з прыродай і народнай стыхіяй. Рамантыкі выказвалі вялікі інтарэс да гісторыі. Аднак яны не разглядалі яе падзеі як прыклады для сучаснасці. У цэнтры іх увагі былі пераломныя гістарычныя эпохі, шырокія народныя рухі і, натуральна, рамантычны герой-лідар.

Рамантычны кірунак у літаратуры быў прадстаўлены такімі вядомымі асобамі, як Э. Т. А. Гофман і Г. Гейнэ (Германія); Д. Байран і В. Скот (Англія); В. Гюго і Ж. Санд (Францыя); А. Міцкевіч (Польшча); А. С. Пушкін і М. Ю. Лермантаў (Расія).

У музыцы рамантызм прысутнічаў долей, чым у іншых відах мастацтва. Рамантызм аўстрыйскай музыкі быў уласцівы І. Брамсу, Р. Шуберту, І. Штраўсу. Танцавальную музыку пісаў польскі кампазітар Ф. Шапэн. Сімфоніі стваралі Г. Берліоз, Ф. Ліст, Э. Грыг. Менавіта ў XIX ст. была створана большасць класічных опер (Д. Расіні, Д. Вердзі). Жанр музыкальнай драмы аформіўся ў творчасці нямецкага кампазітара Р. Вагнера. Цэнтрамі музычнага жыцця Заходняй Еўропы сталі Вена (Венская опера), Парыж («Гранд-опера») і Мілан («Ла Скала»).

У 1830—1840-я гг. у мастацтве з’явіўся іншы кірунак — рэалізм. Ён складаўся паралельна і ва ўзаемадзеянні з рамантызмам. Няцяжка знайсці рысы рэалізму ў творчасці Д. Байрана, Г. Гейнэ, В. Скота і іншых буйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Супрацьстаянне паміж рамантызмам і рэалізмам пачалося з сярэдзіны ХIХ ст.

Прадстаўнікі рамантызму апісвалі выключныя характары ў выключных абставінах, а рэалізму — тыповыя характары ў тыповых абставінах. Такімі абставінамі для рэалістаў былі перш за ўсё сацыяльныя ўмовы. Яшчэ адной важнай рысай рэалістычнага мастацтва з’яўлялася крытычнае выяўленне недахопаў і болевых кропак сучаснага яму грамадства.

Стаўленне рамантыкаў і рэалістаў да фактаў сацыяльнай несправядлівасці было аднолькава адмоўным. Аднак рамантыкі выяўлялі свае адносіны да якога-небудзь пэўнага факта праз бунт. Рэалісты ж спрабавалі перш за ўсё раскрыць прычыны, якія спарадзілі гэты факт, гэта значыць падыходзілі да яго з навуковых пазіцый.

Вялізную ролю ў развіцці рэалістычнага мастацтва адыгралі навуковыя адкрыцці ХIХ ст. Напрыклад, вучэнне аб эвалюцыі відаў адбілася ў самым значным дасягненні еўрапейскага рэалізму — «Чалавечай камедыі» А. дэ Бальзака. Пісьменнік лічыў, што ў чалавечым грамадстве заўсёды будуць існаваць разнастайныя віды, гэтак жа як існуюць яны ў жывёльным царстве.

На пісьменнікаў вялікае ўздзеянне аказалі гістарычныя працы еўрапейскіх навукоўцаў, якія сфармулявалі ўяўленне пра класы і класавую барацьбу. Яны апісвалі жыццёвыя калізіі як вынік уплыву многіх фактараў і прызнавалі дасягненні сучаснай ім навукі.

Яркімі прадстаўнікамі рэалізму ў літаратуры былі А. дэ Бальзак (Францыя) і Ч. Дыкенс (Англія), у жывапісе — французскія мастакі А. Дам’е, Г. Курбе і інш. У другой палове ХIХ ст. з’явіўся новы лідар рэалістычнай літаратуры Г. Флабер. А ў Расіі ў гэты час склалася сусветна вядомая школа рускага рамана, выдатнымі прадстаўнікамі якой былі Л. М. Талстой і Ф. М. Дастаеўскі.

Акрамя таго, у другой палове XIX ст. з’явіўся імпрэсіянізм, закліканы адлюстраваць на палатне імгненныя ўражанні. Знакамітыя французскія мастакі, прадстаўнікі школы імпрэсіянізму — Э. Манэ, Э. Дэга, А. Рэнуар, А. Сіслей, К. Манэ, К. Пісаро. Выдатныя прадстаўнікі постімпрэсіянізму — П. Сезан, П. Гаген, В. ван Гог — імкнуліся адлюстраваць глыбінную сутнасць рэчаў і з’яў, як правіла, праз стылізацыю.

Вялікае месца ў культурным жыцці таго перыяду ў еўрапейскіх краінах займаў тэатр. Тэатральны рэпертуар папаўняўся ў асноўным творамі рамантычнага стылю (В. Гюго, А. Дзюма — бацька).