§ 10. Завяршэнне каланіяльнага падзелу свету

3. Краіны Усходу ў эпоху «абуджэння Азіі»

У пачатку XX ст. па краінах Усходу пракацілася хваля магутных антыкаланіяльных і рэвалюцыйных выступленняў, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «абуджэнне Азіі».

У другой палове XIX ст. у вызваленчым руху адбыліся якасныя змены. Рух сацыяльнага і антыкаланіяльнага пратэсту стаў прымаць больш арганізаваныя формы. Пад уплывам Захаду з’явіліся першыя грамадска-палітычныя арганізацыі і грамадства культурна-асветніцкага характару, пачалі фарміравацца ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху.

Носьбітамі ідэй нацыяналізму выступалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія, у адрозненне ад феадальных правадыроў больш ранняга этапа антыкаланіяльнай барацьбы, арыентаваліся на еўрапейскія ўзоры грамадскага і дзяржаўнага ўладкавання. Яны былі актыўнымі прыхільнікамі абмежавання манархічнай улады, увядзення канстытуцыі, парламента, грамадзянскіх правоў і свабод, глыбокай мадэрнізацыі (абнаўлення) традыцыйнага грамадства. Дзеячы вызваленчага руху выкарыстоўвалі еўрапейскія палітычныя інстытуты і лозунгі.

Асабліва хуткімі тэмпамі развіваліся тыя краіны Усходу, якія яшчэ не былі ператвораны ў калоніі (Кітай, Іран, Турцыя) альбо з’яўляліся параўнальна развітымі ў сацыяльна-эканамічных адносінах, як, напрыклад, Індыя. Увасабленнем гэтага абуджэння сталі рэвалюцыі ў Іране (1905—1911), Турцыі (1908), Кітаі (1911—1913), уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў Індыі (1905—1908). У гэтых краінах пражывала абсалютная большасць насельніцтва Азіі.