§ 8. Славянскія народы ў барацьбе за нацыянальнае вызваленне
5. Балканскія войны пачатку ХХ ст.
У 1908 г. Балгарскае княства аб’явіла сябе царствам і абвясціла незалежнасць ад Асманскай імперыі. У 1912 г. пры садзейнічанні расійскай дыпламатыі быў створаны ваенна-палітычны блок — Балканскі саюз, які аб’яднаў Балгарыю, Сербію, Чарнагорыю і Грэцыю супраць Асманскай імперыі.
Першая Балканская вайна 1912—1913 гг. завяршылася перамогай антытурэцкай кааліцыі. Па мірным дагаворы, заключаным у 1913 г. у Лондане, Асманская імперыя страціла ўсе свае ўладанні ў Еўропе, акрамя Стамбула. Балгарыя атрымала практычна ўсю Фракію і выхад да Эгейскага мора.
Другая Балканская, альбо Міжсаюзніцкая, вайна 1913 г. была справакавана Аўстра-Венгерскай і Германскай імперыямі, якія імкнуліся разваліць Балканскі саюз. Пры гэтым галоўная мэта заключалася ў тым, каб аслабіць расійскі ўплыў на Балканскім паўвостраве. Вопытным аўстрыйскім і германскім дыпламатам няцяжка было справакаваць вайну, бо ўнутры Балканскага саюза існавалі даволі сур’ёзныя супярэчнасці і рознагалоссі. У асноўным яны мелі характар узаемных тэрытарыяльных прэтэнзій, а таксамаі прэтэнзій на рэшткі асманскіх уладанняў на Балканах. Сербскага караля дыпламаты схілялі да анексіі Македоніі, у выніку чаго Сербія атрымала б выхад да Адрыятыкі, якога яна ўвогуле не мела. Тое ж самае намаўлялі балгарскіму ўраду і нават абяцалі дапамогу.
Першымі на правакацыю паддаліся сербы — яны сталі рыхтавацца да новай вайны. У краіне ўзмацніліся шавіністычныя настроі. Сам кароль заклікаў да пашырэння межаў дзяржавы. У Сербіі і Балгарыі была праведзена дадатковая мабілізацыя. Грэцыя, якая не жадала ўзмацнення Балгарыі, заключыла з Сербіяй антыбалгарскі саюз. Між тым турэцкі ўрад імкнуўся вярнуть страчаныя тэрыторыі. Нягледзячы на намаганні Расіі па ўрэгуляванні спрэчных пытанняў мірным шляхам, вайны паміж членамі Балканскага саюза пазбегнуць не ўдалося.
Другая Балканская вайна пачалася ў канцы чэрвеня 1913 г. паміж Балгарыяй з аднаго боку і Сербіяй і Грэцыяй з іншага. Праз два тыдні на Балгарыю абрынуліся войскі Румыніі і Асманскай імперыі. Ваяваць на чатыры франты Балгарыя была не ў стане, і яе ўрад, усвядоміўшы бязвыхаднасць становішча, 29 ліпеня падпісала перамір’е.
У выніку Балгарыя як бок, які прайграў у вайне, панесла значныя страты. Краіны-пераможніцы раздзялілі паміж сабой тэрыторыі, заваяваныя Балгарыяй у Першай Балканскай вайне. Адзіным суцяшэннем для балгар было захаванне выхаду да Эгейскага мора. Францыя, Аўстра-Венгерская і Германская імперыі ўзмацнілі свой уплыў на Балканскім паўвостраве, аслабіўшы пазіцыі Расіі. Пры гэтым ні адна з дзяржаў не была задаволена падобным становішчам.
Такім чынам, Балканы ператварыліся ў «парахавую бочку» Еўропы. Балгарыя выступала на баку Германіі, Сербія — на баку Расіі і перашкаджала аўстрыйскаму пранікненню на Балканы. Невыпадкова нагодай для Першай сусветнай вайны стала забойства ў Сараеве (Боснія і Герцагавіна) наследніка аўстрыйскага трона Франца Фердынанда баснійскім нацыяналістам.