§ 8. Славянскія народы ў барацьбе за нацыянальнае вызваленне
4. Руска-турэцкія войны і вызваленне Балгарыі. Стварэнне новых славянскіх дзяржаў
Пасля паражэння Асманскай імперыі пад Венай у 1683 г. яе тэрыторыя стала паступова скарачацца. З аслабленнем Асманскай імперыі ўзмацнілася імкненне паўднёваславянскіх народаў да незалежнасці.
У барацьбе за дзяржаўную самастойнасць для паўднёвых славян асаблівае значэнне мелі палітыка Расійскай імперыі на Балканах і яе войны з Асманскай імперыяй. Апошняя была лютым геапалітычным ворагам Расіі, пра што сведчаць дванаццаць руска-турэцкіх войнаў.
У канцы XVIII ст. Чарнагорыя дабілася фактычнай незалежнасці ад Асманскай імперыі. У 1804—1813 гг. успыхнула першае сербскае паўстанне супраць асманскага ўладарання, якое ўзначаліў Карагеоргій, заснавальнік кіруючай дынастыі Карагеоргіевічаў. Нагодай для паўстання ў 1804 г. стала «разня князёў» — масавае забойства янычарамі 70 выбітных сербаў. І хаця Расійская імперыя аказвала фінансавую і дыпламатычную падтрымку Сербіі, Асманская імперыя жорстка задушыла паўстанне.
Больш паспяховым было другое сербскае паўстанне 1815—1817 гг., якое ўзначаліў ваявода Мілаш Абрэнавіч. Турэцкі султан вымушаны быў пайсці на некаторыя саступкі. Паражэнне Асманскай імперыі ў руска-турэцкай вайне 1828—1829 гг. прынесла Сербіі пэўную аўтаномію. У 1853—1856 гг. Асманская імперыя ў саюзе з Вялікабрытаніяй, Францыяй і П’емонтам уступіла ў Крымскую вайну супраць Расійскай імперыі, таму поўную незалежнасць Сербія атрымала пазней.
У асабліва цяжкім становішчы апынулася Балгарыя, якая падпала пад татальную ісламізацыю. Балгарскі народ вёў гераічную барацьбу супраць нацыянальнага прыгнечання. Вядомыя балгарскія паэты і рэвалюцыянеры Георгі Ракаўскі і Хрыста Боцеў у сваёй творчасці апелі антытурэцкую барацьбу гайдукоў (партызан). Свае спадзяванні на вызваленне балгары звязвалі з Расіяй.
У 1870-я гг. на Балканах пачаўся ўздым нацыянальна-вызваленчага руху. У 1875 г. у Балгарыі, Босніі і Герцагавіне ўспыхнулі вызваленчыя паўстанні. У Балгарыі паўстанне было задушана, але ўжо ў красавіку 1876 г. балгары зноў падняліся на барацьбу. У падрыхтоўцы Красавіцкага паўстання прымалі ўдзел самыя шырокія слаі насельніцтва — сяляне, рамеснікі, прадстаўнікі адміністрацыі, прызначанай асманамі, і нават жанчыны. Сяляне нарыхтоўвалі прадукты і куплялі зброю, рамеснікі адлівалі кулі і выраблялі патроны. Паколькі зброі не хапала, жанчыны таўклі пякучы перац, які можна было кідаць у твар турэцкім салдатам. Прадугледжвалася таксама, што насельніцтва будзе разбураць чыгункі, масты і тэлеграфныя лініі. Аднак у выніку здрады пра выступленне, якое актыўна рыхтавалася, стала вядома турэцкім уладам. Туркі падрыхтаваліся да паўстання, і калі яно пачалося, жорстка расправіліся з бунтаўшчыкамі. У Паўднёвай Балгарыі было забіта больш за 30 тыс. чалавек, у тым ліку жанчыны, старыя, дзеці. Дапамогу паўстанцам аказалі Чарнагорыя і Сербія. Краіны Захаду спачувалі балгарам, аднак за паўднёвых славян уступілася толькі Расія.
У 1877—1878 гг. пачалася чарговая руска-турэцкая вайна. Прычынай вайны стала заступніцтва Расійскай імперыі за Сербію. Ваенныя дзеянні разгарнуліся на Балканах і на Каўказе і былі паспяховымі для Расіі. Рускія войскі перайшлі Дунай, пасля доўгай аблогі захапілі Плеўну. Чатыры месяцы працягвалася барацьба на Шыпкінскім перавале. Была вызвалена ўся Паўночная Балгарыя. Расія заваявала амаль усю еўрапейскую частку Асманскай імперыі. У пачатку 1878 г. рускія войскі рушылі на Стамбул. Поўны разгром Асманскай імперыі быў ужо амаль рэальным фактам. Аднак сталіца імперыі не была ўзята з-за ўмяшання еўрапейскіх дзяржаў. Султан спешна запрасіў міру, і пачаліся руска-турэцкіе перамовы.
Па ўмовах Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878 г. Сербія, Чарнагорыя і Румынія павінны былі атрымаць поўную незалежнасць, а іх тэрыторыі — павялічыцца. Незалежнасць атрымлывала таксама Боснія і Герцагавіна.
На этнічна балгарскіх тэрыторыях пачалося станаўленне новага аўтаномнага славянскага княства, нацыянальнай дзяржавы балгар — Балгарыі, якая на працягу двух гадоў павінна была знаходзіцца пад рускім кіраваннем, пасля чаго атрымаць поўную незалежнасць. Такім чынам, Расійская імперыя праз Эгейскае мора атрымлывала выхад да Міжземнага мора.
Аднак Вялікабрытанія, Аўстра-Венгерская і Германская імперыі запатрабавалі перагляду вынікаў вайны. Яны не хацелі ўзмацнення пазіцый Расіі на Балканах, былі супраць утварэння буйной славянскай дзяржавы — Балгарыі. І Расія была вымушана саступіць, паколькі не была гатова да новай вайны, гэтым разам з кааліцыяй моцных еўрапейскіх дзяржаў.
Па рашэнні Берлінскага кангрэса 1878 г. вынікі Сан-Стэфанскага дагавора былі перагледжаны на шкоду Расійскай імперыі. Поўную незалежнасць атрымлівалі Сербія, Чарнагорыя і Румынія. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну, а таксама Новапазарскі санджак — гістарычны рэгіён на мяжы Сербіі і Чарнагорыі — з мэтай недапушчэння далучэння гэтых зямель да незалежнай Сербіі і ўтварэння буйной славянскай дзяржавы.
На землях, населеных балгарамі, утвараліся дзве дзяржавы: частка Балгарыі, якая фармальна залежала ад Турцыі, і аўтаномная правінцыя Усходняя Румелія. Такім чынам, вызваленыя ад туркаў тэрыторыі вярнуліся збольшага ў склад Асманскай імперыі, хай сабе і ў выглядзе аўтаномных правінцый. «Вялікая Балгарыя», створаная па Сан-Стэфанскім дагаворы, апынулася раздзеленай і не атрымала поўнай незалежнасці. З таго часу ў Балгарыі намецілася заўважнае ахаладжэнне стаўлення да Расіі.