§ 8. Славянскія народы ў барацьбе за нацыянальнае вызваленне
3. Нацыянальнае адраджэнне. Рух за дзяржаўную самастойнасць
Дамінуючай плынню палітычнай думкі ў славянскіх краінах XIX ст. быў нацыяналізм. У гэты час актывізавалася дзейнасць навукоўцаў у сферы нацыянальнай гісторыі, філалогіі і фальклору. Прадстаўнікоў нацыянальна-асветніцкага руху называлі «будзіцелямі», іх праца была накіравана на фарміраванне («абуджэнне») нацыянальнай самасвядомасці. Пад уплывам іх ідэй у канцы XVIII — пачатку XIX ст. зарадзіўся вызваленчы рух славянскіх народаў.
У 1848—1849 гг. адбыўся шэраг узброеных нацыянальна-вызваленчых паўстанняў, якія атрымалі назву «Вясна народаў». Успыхнула паўстанне ў Чэхіі з мэтай атрымання раўнапраўя ў рамках Аўстрыйскай імперыі. Аднак яно было задушана з-за раз’яднанасці рэвалюцыйных сіл. У Славакіі не выконвалі феадальныя павіннасці сяляне, баставалі рамеснікі.
У 1866 г. пасля аўстра-пруска-італьянскай вайны Аўстрыйская імперыя страціла Ламбардыю і Венецыянскую вобласць. З-за сваёй слабасці яна вымушана была адмовіцца ад аб’яднання германскіх дзяржаў пад сваім кіраўніцтвам. У выніку пануючае становішча ў Германіі заняла Прусія. У 1867 г. імператар Аўстрыйскай імперыі Франц Іосіф пад ціскам з боку венгерскіх палітыкаў і з-за пагрозы рэвалюцыі рэарганізаваў імперыю. Цэнтралізаваная дзяржава ператварылася ў двухадзіную манархію — Аўстра-Венгрыю. Венгрыя атрымала аўтаномію, аднак становішча чэхаў і іншых славянскіх народаў не змянілася.
На палітычнай карце свету з’явілася Аўстра-Венгрыя, у якой вядучыя пазіцыі занялі аўстрыйскія немцы і венгры на шкоду славянскай большасці насельніцтва імперыі. І ў Аўстрыі, і ў Венгрыі праводзілася палітыка нацыянальнага прыгнёту і гвалтоўнай асіміляцыі. У венгерскай частцы імперыі палітыка мадзьярызацыі (асіміляцыі невенгерскіх меншасцей) была яшчэ больш агрэсіўнай, чым у аўстрыйскай частцы. У Венгрыі быў прыняты закон аб палітычным раўнапраўі ўсіх нацыянальнасцей, пры гэтым за’яўлялася, што ўсе грамадзяне, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці, складаюць адзіную непадзельную мадзьярскую нацыю. Усе нацыянальныя арганізацыі забараняліся, сістэма адукацыі знаходзілася ў руках венграў. Чэхі, славакі, харваты, славенцы, сербы, а таксама румыны супраціўляліся германізацыі на аўстрыйскіх землях і мадзьярызацыі на венгерскіх.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Польшча аказалася падзеленай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. У 1807 г. на польскіх тэрыторыях Напалеон утварыў Вялікае герцагства Варшаўскае. Пасля разгрому Напалеона на Венскім кангрэсе ў 1815 г. была выпрацавана новая міжнародная сістэма, накіраваная на аднаўленне даваеннага парадку, былі вызначаны новыя межы дзяржаў Еўропы і для забеспячэння непахіснасці манархічнай улады створаны Свяшчэнны саюз еўрапейскіх дзяржаў.
Польскія землі зноў былі перадзелены. Па рашэнні Венскага кангрэса Пазнанскае княства адышло да Прусіі, на астатняй тэрыторыі былога герцагства Варшаўскага было ўтворана Царства Польскае, далучанае да Расійскай імперыі. Прусія захоўвала за сабой Сілезію і Памор’е, а Аўстрыя — Галіцыю.
У пачатку 1830-х гг. і ў 1863 г. успыхнулі паўстанні палякаў, якія знаходзіліся пад расійскай уладай. Пасля задушэння першага паўстання польская аўтаномія ў 1832 г. была фактычна скасавана, многія паўстанцы адпраўлены ў ссылку. У 1867 г. Царства Польскае было перайменавана ў Прывіслінскі край, дзе палякі складалі пераважную большасць.
Нашмат горшым, чым у Расіі, было становішча палякаў у падпарадкаваным Прусіі Вялікім герцагстве Пазнанскім. Ад пачатку 1830-х гг. прускія ўлады разгарнулі там актыўную палітыку германізацыі. У выніку доля палякаў у герцагстве скарацілася.
Значна лепшым было становішча палякаў у Галіцыі, самай адсталай тэрыторыі Аўстра-Венгерскай імперыі. Большасць насельніцтва там складалі сяляне, у асноўным украінскага паходжання. Палякамі з’яўляліся пераважна памешчыкі. Адносна нешматлікую частку насельніцтва складалі аўстрыйскія немцы. Яны аказаліся не ў стане германізаваць Галіцыю, таму палякі карысталіся на гэтай тэрыторыі вялізнымі прывілеямі. Сялянскія хваляванні, якія часам пераходзілі ў сапраўдныя антыфеадальныя паўстанні, як правіла, мелі антыпольскі характар. Самае буйное паўстанне галіцыйскіх сялян успыхнула зімой 1846 г. Яно супала з паўстаннем гараджан у Кракаве, у ходзе якога была абвешчана незалежнасць Польшчы, але аўстрыйскія войскі жорстка расправіліся з паўстанцамі.
У 1848—1849 гг. вызваленчы рух ахапіў паўднёваславянскія землі Аўстрыйскай імперыі — Харватыю, Славенію і Ваяводзіну.