§ 8. Славянскія народы ў барацьбе за нацыянальнае вызваленне
2. Расія і славянскае пытанне
У канцы XVIII — першай палове XIX ст. у краінах, населеных славянскімі народамі, узнік панславізм — ідэалогія, якая абгрунтоўвала неабходнасць палітычнага аб’яднання ўсіх славян на аснове этнічнай, культурнай і моўнай агульнасці.
Атрымалі развіццё розныя варыянты нацыянальна арыентаванага панславізму — ілірызм (культурна-палітычны рух паўднёвых славян); чэшскі, славенскі, харвацкі і сербскі аўстраславізм; чэхаславакізм і г. д.
Панславісцкі рух у цэлым арыентаваўся на Расію, якая атрымала шэраг яскравых перамог над Асманскай імперыяй. Рускі і польскі дзяржаўны і палітычны дзеяч А. Чартарыйскі сумесна з венгерскім палітычным дзеячам Л. Цялекі распрацаваў канцэпцыю «Дунайскай канфедэрацыі» славянскіх народаў, якая мела антыгерманскую накіраванасць. Амаль адначасова ў панславізме намецілася тэндэнцыя страты лідарства Расійскай імперыі ў справе вызвалення славянскіх народаў. Выбітны дзеяч чэшскага нацыянальнага руху Ф. Палацкі выступаў за захаванне рэфарміраванай Аўстрыйскай імперыі і яе пераўтварэнне ў федэрацыю славян, аўстрыйцаў і венграў. У такім выглядзе Аўстрыя змагла б супрацьстаяць і Расійскай, і Германскай імперыям. Канцэпцыя Палацкага атрымала назву аўстраславізму.
З усіх вялікіх дзяржаў толькі Расійская імперыя выступала ў якасці абаронцы славянскіх праваслаўных народаў на Балканах. Яна выкарыстоўвала ідэі панславізму ў імкненні атрымаць свабодны выхад да чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданелы. Чым мацней адчувалася германская альбо турэцкая пагроза, тым больш сімпатый да Расіі ўзнікала ў большасці славянскіх народаў. Аднак гэта не задавальняла іншыя дзяржавы, якія мелі ўплыў у рэгіёне.
У славянафільскай ідэалогіі Расійскай імперыі важнае месца займаў тэзіс аб яе галоўнай ролі сярод славян. Рускія панславісты і прадстаўнікі русафільскага кірунку сярод еўрапейскіх славян паказвалі на агульныя культурныя карані заходне- і ўсходнеславянскіх народаў, на тое, што хрысціянства было прынесена на землі чэхаў і славакаў тымі ж святымі Кірылам і Мефодыем, якія адыгралі значную ролю ў развіцці культуры праваслаўнага ўсходу і паўднёвага ўсходу Еўропы.
Аднак асаблівая роля Расіі на Балканах не задавольвала ні Вялікабрытанію, якая імкнулася захаваць сваё дамінаванне на Міжземным моры, ні Аўстрыю, якая баялася сербскага і румынскага сепаратызму, ні Францыю, зацікаўленую ў захаванні свайго ўплыву ў Егіпце і Леванце.