§ 26. ПРАБЛЕМА ЗАХАВАННЯ МІРУ

Забарона хімічнай зброі. Хімічная зброя адносіцца да разраду зброі масавага паражэння. Яе дзеянне асноўваецца на таксічных уласцівасцях атрутных рэчываў. Гэта могуць быць ракеты, артылерыйскія снарады, бомбы і г. д. Вылучаюць чатыры асноўныя віды смяротных атрутных рэчываў, якія адносяцца да хімічнай зброі: нервова-паралітычнага дзеяння, скурна-нарыўныя, удушлівыя і агульнаядавітыя.

Найбольш масава хімічная зброя выкарыстоўвалася ў гады Першай сусветнай вайны. Усяго да канца вайны было выпушчана каля 180 тыс. т разнастайных атрутных рэчываў. Агульная колькасць пацярпелых ад выкарыстання хімічнай зброі бакамі канфлікту ацэньваецца ў 1,3 млн чал., з іх каля 100 тыс. чал. загінулі.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Навукоўцамі выказана меркаванне, што першымі хімічную зброю супраць сваіх ворагаў прымянілі старажытныя персы. С. Джэймс, брытанскі археолаг, выявіў, што персідскія войскі выкарыстоўвалі атрутныя газы ў час аблогі горада Дура на ўсходзе Сірыі яшчэ ў III ст. да нашай эры. У той момант, калі рымскія салдаты заходзілі ў тунэль, персы падпальвалі бітум і крышталі серы, што прыводзіла да ўтварэння густога атрутнага дыму.

img
Мал. 196. Хімічная атака на Алепа (Сірыя), 2018 г.

У нашы дні палітычны канфлікт у Сірыі таксама характарызуецца выкарыстаннем хімічнай зброі (мал. 196).

З мэтай забароны хімічнай зброі на канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе ў 1984 г. была падпісана Канвенцыя аб забароне распрацоўкі, вытворчасці, назапашвання і прымянення хімічнай зброі і аб яе знішчэнні. Яна ўступіла ў дзеянне ў 1993 г.

Для рэалізацыі мэт Канвенцыі ў 1997 г. была створана арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) са штаб-кватэрай у Гаазе (Каралеўства Нідэрланды). Бакамі Канвенцыі з’яўляюцца 190 дзяржаў. Ізраіль і М’янма падпісалі Канвенцыю, але не ратыфікавалі. Ангола, Егіпет, КНДР, Сірыя, Самалі і Паўднёвы Судан не падпісалі Канвенцыю і не далучыліся да яе.

Удзельнікі Канвенцыі абавязваюцца не распрацоўваць, не вырабляць, не набываць іншым чынам, не назапашваць, не перадаваць, не прымяняць хімічную зброю і не праводзіць ваенных падрыхтовак да яе прымянення; не выкарыстоўваць хімічныя сродкі барацьбы з беспарадкамі ў якасці сродкаў вядзення вайны.

У адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі ўсе запасы хімзброі ў свеце павінны былі быць знішчаныя праз 10 гадоў пасля яе ўступлення ў сілу — да 2007 г. Па рашэнні дзяржаўудзельніц гэты тэрмін мог быць працягнуты да 15 гадоў — да 2012 г. Шэраг краін ужо завяршылі свае праграмы хімічнага раззбраення: Албанія — у 2007 г., Рэспубліка Карэя — у 2008 г., Індыя — у 2009 г., Лівія і Сірыя — у 2014 г.

На сёння АЗХЗ пацвердзіла знішчэнне больш за 96 % ад агульнага задэклараванага аб’ёму хімічнай зброі ў свеце. Разам з тым шэраг краін па-ранейшаму заяўляюць аб наяўнасці ў сябе заводаў па яе вытворчасці. Гэта Кітай, Францыя, ЗША, Індыя, Іран, Ірак, Японія, Казахстан, Расія, Сербія, Вялікабрытанія, Боснія і Герцагавіна.

Рэспубліка Беларусь у ліку першых дзяржаў свету падпісала (14 студзеня 1993 г.) і ратыфікавала (11 чэрвеня 1996 г.) Канвенцыю аб забароне хімічнай зброі.