§ 18-2. АСНОЎНЫЯ СУЧАСНЫЯ ПРАБЛЕМЫ РАЗВІЦЦЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ
Уплыў змянення клімату на геаграфію сельскай гаспадаркі свету і харчовую бяспеку. Змяненне клімату і экстрэмальныя кліматычныя з’явы згубна адбіваюцца на аб’ёме вырабленай сельскагаспадарчай прадукцыі ў свеце. Гэта праяўляецца ў змяненні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, плошчы іх пасеваў і інтэнсіўнасці земляробства (колькасць ураджаяў за год).
Змяненне клімату і экстрэмальныя кліматычныя з’явы сталі адным з ключавых фактараў росту колькасці галадаючых у свеце.
Свет і Беларусь. Ці адчувальны ўплыў змянення клімату і экстрэмальных кліматычных з’яў на сельскую гаспадарку Рэспублікі Беларусь? Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць ваш пункт гледжання.
Колькасць экстрэмальных з’яў, такіх як спякота, засухі, паводкі і буры, з пачатку 1990-х гг. падвоілася. У сярэднім за перыяд 1990–2016 гг. іх колькасць склала 213 выпадкаў у год. Кліматычныя наступствы могуць праяўляцца самым розным чынам і адмоўна ўплываць на харчовую бяспеку. Напрыклад, прамыя наступствы мае засуха, якая наносіць шкоду ўраджаю і прыводзіць да скарачэння вытворчасці прадуктаў харчавання.
Клуб знаўцаў-географаў. Паводле ацэнак ФАО, у 2050 г. для задавальнення попыту на прадукты харчавання гадавы аб’ём сусветнай вытворчасці сельскагаспадарчых культур і прадукцыі жывёлагадоўлі павінен будзе ўзрасці на 60 % у параўнанні з цяперашнім часам. Змяненне клімату зробіць больш складаным выкананне задач ліквідацыі голаду і стварэння да 2030 г. устойлівых сістэм вытворчасці прадуктаў харчавання.
З усіх стыхійных бедстваў самы моцны ўплыў на вытворчасць прадуктаў харчавання аказваюць паводкі, засухі і трапічныя штормы. Так, на долю засух прыпадае больш за 80 % усёй шкоды і страт у сельскай гаспадарцы (мал. 128-8).

Падгаліны сельскай гаспадаркі свету адрозніваюцца паміж сабой ступенню шкоды ад кліматычных бедстваў (мал. 128-9, 128-10). Найбольш моцна адбіваюцца яны на раслінаводстве (мал. 128-11).



У свеце ўсё ўзаемазвязана. У Мексіцы ўраган «Патрысія» нанёс шкоду больш за 40 тыс. га пасеваў. Халодны фронт выклікаў мароз і снег падчас асенне-зімняга вегетацыйнага перыяду. У Чылі ў выніку затаплення і апоўзняў загінулі 4 тыс. чал. і пацярпелі 4427 дамоў, а ў выніку засухі пацярпелі 114 населеных пунктаў. Страчана 11,6 % жывёлы і 30 % вытворчасці малака.
Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур у многіх краінах зніжаецца ад змены рэжымаў тэмпературы і ападкаў. Змяненне клімату, звязанае з эфектам ад цячэння Эль-Ніньё, адыгрывае ключавую ролю ў падзенні ўраджайнасці. Ад зацяжных засух, выкліканых узмацненнем феномена Эль-Ніньё ў 2015–2016 гг., пацярпелі многія краіны.
У гэтыя гады Эль-Ніньё аказаўся экстрэмальным і адной з найбольш магутных пагодных з’яў за апошнія 100 гадоў. Яно выклікала рэкордную спякоту ў многіх трапічных і субтрапічных краінах.
Свет і Беларусь. Назавіце станоўчыя і адмоўныя наступствы змянення клімату для сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Колькасць краін, якія развіваюцца, падвержаных уздзеянню экстрэмальных кліматычных з’яў, узрасла з 83 % у 1996–2000 гг. да 96 % у 2011–2016 гг. Па геаграфічным месцазнаходжанні 76 % краін размешчаны ў Афрыцы і Азіі, 15,5 % — у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне, астатнія — у Акіяніі і Еўропе. Афрыка з’яўляецца рэгіёнам, дзе кліматычныя ўздзеянні сыгралі найважнейшую ролю ў адсутнасці харчовай бяспекі. Тэрміновая гуманітарная дапамога спатрэбілася 59 млн чал. у 24 краінах (мал. 128-12).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце дзяржавы з экстрэмальнымі кліматычнымі з’явамі.