§ 18-2. АСНОЎНЫЯ СУЧАСНЫЯ ПРАБЛЕМЫ РАЗВІЦЦЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 18-2. АСНОЎНЫЯ СУЧАСНЫЯ ПРАБЛЕМЫ РАЗВІЦЦЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 27 Апрель 2025, 01:14 |
Страты харчавання як адна з асноўных сучасных праблем развіцця сусветнай сельскай гаспадаркі. У выніку дасягненняў у галіне развіцця сельскай гаспадаркі, з’яўлення новых тэхналогій, павелічэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур чалавецтва сутыкнулася з праблемай, якая раней так востра не стаяла.
Пры штогадовым росце аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў свеце штогод адбываюцца іх вялікія страты. Пры гэтым лічыцца, што страты харчовай прадукцыі ўзнікаюць на этапах ад збору ўраджаю / забою / вылаву аж да пападання яе ў сістэму гандлю. Каля 14 % усіх вырабленых у свеце харчовых прадуктаў губляюцца ў перыяд паміж зборам ураджаю і рэалізацыяй.
Паразважаем. Чаму страты садавіны і гародніны ва ўсіх рэгіёнах свету перавышаюць страты збожжавых і бабовых культур? Прывядзіце канкрэтныя прыклады, якія пацвярджаюць ваш пункт гледжання.
Найбольшыя страты харчовых прадуктаў характэрныя для краін Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі (больш за 20 %), а таксама Паўночнай Амерыкі і Еўропы (больш за 15 %) (мал. 128-6).

Гэта значыць, што праблема страт харчовых прадуктаў праяўляецца як у развітых краінах, так і ў краінах, якія развіваюцца. А яе вырашэнне павінна насіць глабальны характар.
Калі разгледзець страты па таварных групах, то сярод караняплодаў, клубняплодаў і алейных культур назіраюцца найбольшыя паказчыкі — больш за 25 % (мал. 128-7). Страты садавіны і гародніны ў сярэднім па свеце складаюць больш за 20 %.

Уплыў змянення клімату на геаграфію сельскай гаспадаркі свету і харчовую бяспеку. Змяненне клімату і экстрэмальныя кліматычныя з’явы згубна адбіваюцца на аб’ёме вырабленай сельскагаспадарчай прадукцыі ў свеце. Гэта праяўляецца ў змяненні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, плошчы іх пасеваў і інтэнсіўнасці земляробства (колькасць ураджаяў за год).
Змяненне клімату і экстрэмальныя кліматычныя з’явы сталі адным з ключавых фактараў росту колькасці галадаючых у свеце.
Свет і Беларусь. Ці адчувальны ўплыў змянення клімату і экстрэмальных кліматычных з’яў на сельскую гаспадарку Рэспублікі Беларусь? Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць ваш пункт гледжання.
Колькасць экстрэмальных з’яў, такіх як спякота, засухі, паводкі і буры, з пачатку 1990-х гг. падвоілася. У сярэднім за перыяд 1990–2016 гг. іх колькасць склала 213 выпадкаў у год. Кліматычныя наступствы могуць праяўляцца самым розным чынам і адмоўна ўплываць на харчовую бяспеку. Напрыклад, прамыя наступствы мае засуха, якая наносіць шкоду ўраджаю і прыводзіць да скарачэння вытворчасці прадуктаў харчавання.
Клуб знаўцаў-географаў. Паводле ацэнак ФАО, у 2050 г. для задавальнення попыту на прадукты харчавання гадавы аб’ём сусветнай вытворчасці сельскагаспадарчых культур і прадукцыі жывёлагадоўлі павінен будзе ўзрасці на 60 % у параўнанні з цяперашнім часам. Змяненне клімату зробіць больш складаным выкананне задач ліквідацыі голаду і стварэння да 2030 г. устойлівых сістэм вытворчасці прадуктаў харчавання.
З усіх стыхійных бедстваў самы моцны ўплыў на вытворчасць прадуктаў харчавання аказваюць паводкі, засухі і трапічныя штормы. Так, на долю засух прыпадае больш за 80 % усёй шкоды і страт у сельскай гаспадарцы (мал. 128-8).

Падгаліны сельскай гаспадаркі свету адрозніваюцца паміж сабой ступенню шкоды ад кліматычных бедстваў (мал. 128-9, 128-10). Найбольш моцна адбіваюцца яны на раслінаводстве (мал. 128-11).



У свеце ўсё ўзаемазвязана. У Мексіцы ўраган «Патрысія» нанёс шкоду больш за 40 тыс. га пасеваў. Халодны фронт выклікаў мароз і снег падчас асенне-зімняга вегетацыйнага перыяду. У Чылі ў выніку затаплення і апоўзняў загінулі 4 тыс. чал. і пацярпелі 4427 дамоў, а ў выніку засухі пацярпелі 114 населеных пунктаў. Страчана 11,6 % жывёлы і 30 % вытворчасці малака.
Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур у многіх краінах зніжаецца ад змены рэжымаў тэмпературы і ападкаў. Змяненне клімату, звязанае з эфектам ад цячэння Эль-Ніньё, адыгрывае ключавую ролю ў падзенні ўраджайнасці. Ад зацяжных засух, выкліканых узмацненнем феномена Эль-Ніньё ў 2015–2016 гг., пацярпелі многія краіны.
У гэтыя гады Эль-Ніньё аказаўся экстрэмальным і адной з найбольш магутных пагодных з’яў за апошнія 100 гадоў. Яно выклікала рэкордную спякоту ў многіх трапічных і субтрапічных краінах.
Свет і Беларусь. Назавіце станоўчыя і адмоўныя наступствы змянення клімату для сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Колькасць краін, якія развіваюцца, падвержаных уздзеянню экстрэмальных кліматычных з’яў, узрасла з 83 % у 1996–2000 гг. да 96 % у 2011–2016 гг. Па геаграфічным месцазнаходжанні 76 % краін размешчаны ў Афрыцы і Азіі, 15,5 % — у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне, астатнія — у Акіяніі і Еўропе. Афрыка з’яўляецца рэгіёнам, дзе кліматычныя ўздзеянні сыгралі найважнейшую ролю ў адсутнасці харчовай бяспекі. Тэрміновая гуманітарная дапамога спатрэбілася 59 млн чал. у 24 краінах (мал. 128-12).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце дзяржавы з экстрэмальнымі кліматычнымі з’явамі.
Новыя падыходы да развіцця раслінаводства. Бурны рост вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі прывёў да негатыўных наступстваў для прыродных рэсурсаў сельскай гаспадаркі.
Спалучэнне ўздзеяння змянення клімату, дэфіцыту энергарэсурсаў і дэградацыі рэсурсаў робіць праблему задавальнення патрэб насельніцтва ў харчаванні на ўстойлівай аснове ў будучыні яшчэ больш хвалюючай.
У сувязі з абвастрэннем харчовай праблемы і павышэннем нагрузкі на прыроднае асяроддзе ААН была выпрацавана стратэгія ўстойлівай інтэнсіфікацыі раслінаводства. У аснове дадзенай стратэгіі ляжаць пяць прынцыпаў (мал. 128-13).

Новыя падыходы да развіцця жывёлагадоўлі. Адным з асноўных напрамкаў развіцця жывёлагадоўлі з’яўляецца скарачэнне харчовых страт і харчовых адходаў.
У жывёлагадоўлі павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў плануецца дасягнуць шляхам вырашэння дзвюх асноўных задач: 1) падтрыманне сельскагаспадарчай вытворчасці ў рамках ключавых агульнасусветных гранічных параметраў; 2) скарачэнне маштабаў дэградацыі глебы, вырубкі лясоў, страт біяразнастайнасці і дэфіцытаў, звязаных з выкарыстаннем вады і яе якасцю.
Падвядзём вынікі. Пры штогадовым росце аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў свеце адбываюцца іх вялікія страты і псаванне. У большасці рэгіёнаў свету страты ... і ... вышэйшыя, чым страты ... і ... . Негатыўны ўплыў на развіццё сельскай гаспадаркі аказваюць ... і ... . З усіх стыхійных бедстваў самае моцнае ўздзеянне на вытворчасць прадуктаў харчавання аказваюць ..., ... і ... . Экстрэмальныя кліматычныя ўмовы патрабуюць новых падыходаў да развіцця ... і … .
Праверым свае веды. 1. На якіх этапах праяўляюцца страты харчовай прадукцыі? 2. Як экстрэмальныя кліматычныя з’явы ўплываюць на развіццё сельскай гаспадаркі? 3. Якія падыходы да развіцця раслінаводства і жывёлагадоўлі з’яўляюцца аптымальнымі для ўстойлівага развіцця сельскай гаспадаркі?
Ад простага да складанага. 1. Як знізіць страты харчовай прадукцыі на ўсіх стадыях яе вытворчасці? 2. Ці могуць дзяржавы прадухіліць наступствы экстрэмальных кліматычных з’яў? 3. Якія новыя падыходы да развіцця раслінаводства і жывёлагадоўлі, на ваш погляд, з’яўляюцца найбольш перспектыўнымі?
Ад тэорыі да практыкі. 1. Падрыхтуйце паведамленне на тэму «Прадукты з ГМА: перспектыўны напрамак у развіцці сельскай гаспадаркі або вытворчасць “няправільных” сельскагаспадарчых прадуктаў?». 2. Падрыхтуйце прэзентацыю пра наступствы ўздзеяння цячэння Эль-Ніньё на сусветную сельскую гаспадарку.

Web-рэсурсы.
Сайт ФАО. Серыя штогадовых матэрыялаў «Стан спраў у галіне харчовай бяспекі і харчавання ў свеце».
Сайт ФАО. Матэрыялы на тэму «Захаваць і прымножыць» у галіне забеспячэння ўстойлівага развіцця сельскай гаспадаркі.