§ 18-2. АСНОЎНЫЯ СУЧАСНЫЯ ПРАБЛЕМЫ РАЗВІЦЦЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ

Страты харчавання як адна з асноўных сучасных праблем развіцця сусветнай сельскай гаспадаркі. У выніку дасягненняў у галіне развіцця сельскай гаспадаркі, з’яўлення новых тэхналогій, павелічэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур чалавецтва сутыкнулася з праблемай, якая раней так востра не стаяла.

Пры штогадовым росце аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў свеце штогод адбываюцца іх вялікія страты. Пры гэтым лічыцца, што страты харчовай прадукцыі ўзнікаюць на этапах ад збору ўраджаю / забою / вылаву аж да пападання яе ў сістэму гандлю. Каля 14 % усіх вырабленых у свеце харчовых прадуктаў губляюцца ў перыяд паміж зборам ураджаю і рэалізацыяй.

iconПаразважаем. Чаму страты садавіны і гародніны ва ўсіх рэгіёнах свету перавышаюць страты збожжавых і бабовых культур? Прывядзіце канкрэтныя прыклады, якія пацвярджаюць ваш пункт гледжання.

Найбольшыя страты харчовых прадуктаў характэрныя для краін Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі (больш за 20 %), а таксама Паўночнай Амерыкі і Еўропы (больш за 15 %) (мал. 128-6).

img
Мал. 128-6. Страты харчовых прадуктаў па свеце і рэгіёнах, 2016 г., даныя ФАО, %

Гэта значыць, што праблема страт харчовых прадуктаў праяўляецца як у развітых краінах, так і ў краінах, якія развіваюцца. А яе вырашэнне павінна насіць глабальны характар.

Калі разгледзець страты па таварных групах, то сярод караняплодаў, клубняплодаў і алейных культур назіраюцца найбольшыя паказчыкі — больш за 25 % (мал. 128-7). Страты садавіны і гародніны ў сярэднім па свеце складаюць больш за 20 %.

img
Мал. 128-7. Страты харчовых прадуктаў па таварных групах, 2016 г., даныя ФАО, %